BE RU EN

Юрый Фельштынскі: Рэжым Лукашэнкі можна лёгка змяніць

  • 25.10.2025, 22:01

Чаму Беларусь такая важная для бяспекі Еўропы.

Змена рэжыму ў Беларусі — адзін з двух элементаў, якія могуць спыніць вайну Расіі супраць Украіны. Так лічыць вядомы гісторык і пісьменнік Юрый Фельштынскі, які нядаўна выдаў новую кнігу «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара».

Чаму Беларусь такая важная для бяспекі Еўропы? Як вызваленне нашай краіны можа запусціць распад расійскай імперыі? Пра гэта і не толькі Юрый Фельштынскі распавёў у праграме «Прасвет» Сяргея Пелесы на тэлеканале «Белсат». 

— Як вы ў цэлым бачыце ролю і месца Беларусі ў тым канфлікце, які цяпер працягваецца паміж Расіяй і Украінай, калі шырэй — паміж Расіяй і Захадам?

— Тут, напэўна, трэба падзяліць пытанне на дзве часткі. Адзін бок медаля — гэта канкрэтны ўдзел Беларусі ў справе расійскай агрэсіі супраць Украіны. А цяпер ужо, падаецца, на пачатку першай гібрыднай стадыі ўдзелу Беларусі ў падрыхтоўванай агрэсіі супраць Еўропы.

Беларусь, на жаль, з-за таго, што ўлада ў гэтай краіне была захопленая Лукашэнкам, фактычна стала васалам, саюзнікам Расійскай Федэрацыі. Зразумела, што ў Беларусі класічная дыктатура, што крыху спрашчае сітуацыю, бо класічная дыктатура заўсёды развальваецца з сыходам дыктатара. Тым не менш сёння Беларусь з'яўляецца саюзнікам Расіі ў глабальнай вайне супраць цывілізаванага свету, найперш супраць Еўропы.

Украіна — гэта частка Еўропы. Ёсць геапалітычнае пытанне. Калі паглядзець на мапу, то становіцца зразумела, што Беларусь — гэта вароты, праз якія цывілізаваны свет альбо гандлюе, напрыклад, з Расіяй, альбо гэта вароты, праз якія Расія ўрываецца ў Еўропу. Тыя, хто кантралюе Беларусь, — калі гэта злыя сілы, як адбываецца сёння, — маюць магчымасць праз гэты кантроль пагражаць еўрапейскай цывілізацыі, уключаючы Украіну. Альбо, калі гэтыя сілы, што кантралююць Беларусь, — добрыя, то праз іх, адпаведна, ажыццяўляецца транзіт паміж цывілізаванай Еўропай і Расіяй. Таму Беларусь — найважнейшая геапалітычная і стратэгічная тэрыторыя. Той, хто кантралюе Беларусь, кантралюе бяспеку Расіі.

У ідэале, як нам здавалася, як усе мы спадзяваліся, Беларусь магла б стаць часткай цывілізаванай Еўропы. З часам уступіць у Еўрасаюз, можа, з гледзішча забеспячэння сваёй бяспекі і камфорту, звязанага з бяспекай, — уступіць у НАТА. І, уласна, на вякі вечныя закрыць магчымасць расійскага ўварвання ў Еўропу. Бо, не захапіўшы Беларусь, не захапіўшы гэтую буферную зону, Расія пагражаць Еўропе не можа.

Беларусь — вельмі важны ў гэтым сэнсе буфер. А цяпер, калі вайна ўжо пачалася, пасля таго як у 2022 годзе Расія ўварвалася ва Украіну менавіта з Беларусі, значэнне і важнасць Беларусі ў гэтым пытанні, думаю, сталі відавочныя ўсім. І паколькі ў нас ёсць задача спыніць гэтую вайну, важна паставіць пытанне пра тое, як яе можна спыніць.

Яе, зразумела, можна спыніць, змяніўшы рэжым у Расіі. Але гэта складаная задача. Расія — магутная дзяржава з ядзернай зброяй, з карыснымі выкапнямі, з нафтай, з газам, які яна паспяхова прадае на рынку і на заробленыя грошы аплачвае вайну. Таму спыніць Расію складана, пры тым, што краіну кантралюе дзяржаўная бяспека ў асобе ФСБ. Гэта складаная задача. З практычнага пункту гледжання трэба ставіць пытанне пра тое, як ізаляваць Расію ад цывілізаванай Еўропы. Змяніць сітуацыю так, каб Расія больш не магла ў якім-небудзь прадказальным будучым (а там, хто ведае, можа і рэжым зменіцца) пагражаць Еўропе.

Найпрасцейшая магчымасць — змяніць рэжым у Беларусі. У адрозненне ад змены рэжыму ў Расіі — задачы высакароднай, важнай і неабходнай, але складанай — рэжым у Беларусі, дзе ў нас класічная дыктатура, змяніць даволі лёгка. Трэба проста паставіць перад сабой гэтую задачу. Паколькі Расія не можа перамагчы ва Украіне, а мы гэта бачым, Расія можа разбураць Украіну, Расія можа наносіць удары штодзень па Кіеве і іншых буйных гарадах.

Трэба наносіць удары па Маскве і забяспечыць змену рэжыму ў Беларусі. Праз гэтыя два складнікі перамогі вайна спыняецца. Прычым яна спыняецца даволі хутка, як мне здаецца.

— Бачыце, 30 гадоў мінула. Беларусы ніяк не могуць змяніць рэжым у Беларусі. З гэтым ёсць праблемы.

— Былыя савецкія рэспублікі — Літва, Эстонія, Латвія — былыя краіны ўсходняга блока, усвядомілі пагрозу, скарысталіся акном магчымасцяў і ўступілі ў НАТА. Тыя дзяржавы, якія не захацелі або не паспеялі гэтага зрабіць, спрабавалі захаваць з Расіяй добрыя адносіны, арыентуючыся на Расію як на сур'ёзны рынак збыту і, наадварот, як на рынак атрымання сыравіны, падвергліся або захопу, або нападу.

Гэта Грузія, як мы ведаем, якая ў 2008 годзе падверглася нападу, а цяпер, хоць увесь грузінскі народ за Еўрасаюз і супраць арыентацыі на Расію, не можа скінуць урад, паколькі ён падсілкоўваецца і фінансуецца РФ.

Гэта Малдова, дзе яшчэ з ельцынскіх часоў былі размешчаныя расійскія войскі. Прыднястроўе, дзе штучна падтрымліваюцца прарасійскія настроі, дзе пастаянныя спробы расійскім кіраўніцтвам ажыццяўляць дзяржаўныя перавароты, паставіць прарасійскі ўрад.

Гэта Беларусь, якая, на жаль, дзякуючы хітрасці, здрадзе Лукашэнкі, па сутнасці была акупаваная Расійскай Федэрацыяй.

Украіна таксама не паспела ўвайсці ў НАТА. Таму гэтае пытанне, думаю, відавочнае. Для забеспячэння бяспекі невялікіх еўрапейскіх дзяржаў яны вымушаныя ўступаць у нейкі сур'ёзны ваенна-палітычны блок. На жаль, пасля прыходу Трампа на ўдзел ЗША ў НАТА, думаю, разлічваць ужо не варта. То бок Амерыкі ў НАТА ўжо няма. НАТА быццам існуе, але разлічваць на Альянс я б цяпер, вядома, не стаў.

З гэтага не вынікае, што для Расіі адкрываюцца магчымасці для паспяховай акупацыі Еўропы. Я лічу, што час працуе супраць Расіі ў дадзеным выпадку. І што нават фактычны выхад Злучаных Штатў з НАТА не моцна палягчае Путіну задачу. Еўропа ашчацінілася, Еўропа ўзбройваецца, Еўропа выдзеліла сур'ёзныя бюджэты на ўзбраенне, Еўропа ўсвядоміла ўзровень пагрозы з боку Расійскай Федэрацыі.

Гэтую бітву Пуцін прайграў. Іншая справа, што ён пра гэта яшчэ не ведае, ён не гатовы і не ў стане гэта прыняць. Бо Пуцін заўсёды недаацэньвае сваіх праціўнікаў. Ён недаацаніў Украіну, як усе мы ведаем. Ён недаацаніў рашучасць Еўропы супрацьстаяць расійскай агрэсіі. Ён лічыў, што ўсе капітулююць, усе спалохаюцца і ён будзе пераможна шэсціць да Берліна і далей. Насамрэч Пуцін прайграў гэтую бітву. Нават Трамп не здолеў яму ў гэтым дапамагчы. Хоць ён дагэтуль усё цісне і цісне на Украіну, каб Кіеў капітуляваў. Ужо не ведае, як дапамагчы Лукашэнку. Ужо здымае санкцыі з Беларусі. Спробуе прабіць ізаляцыю Пуціна, запрасіўшы яго на Аляску. Але нават Трамп Путіну не дапаможа. На жаль, Пуцін будзе займацца крывапусканнем. Але перамогі яму не бачыць.

— На працягу двух стагоддзяў з усіх сучасных нацый, што нарадзіліся на глебе Рэчы Паспалітай, толькі беларусам не ўдалося вырвацца з-пад дамінавання Расіі. Хаця было даволі шмат спробаў. У будучыні гэта рэальна?

— Развал Расійскай Федэрацыі яшчэ наперадзе. Я не належу да гісторыкаў, палітыкаў, аналітыкаў, якія лічаць, што Расійская Федэрацыя распадзецца на 20, 30, 50 дзяржаў. У такі сцэнар я не веру, такога сцэнара не бачу. Але тое, што Расія, дакладней, Савецкі Саюз у 91-м годзе не распаўся, — гэта безумоўна так. І ад Расійскай Федэрацыі, безумоўна, на наступным разломе адыдуць яшчэ нейкія тэрыторыі, Беларусь будзе сярод іх. Не толькі Беларусь. Чачэнія аддзяліцца, Дагестан аддзяліцца, Інгушэція аддзяліцца, Татарстан аддзяліцца. Многія рэгіёны і аўтаномныя рэспублікі па нацыянальным прынцыпе выйдуць са складу Расійскай Федэрацыі, уключаючы Беларусь. Гэта будзе на наступным гістарычным этапе.

Безумоўна, гэта адбудзецца, калі ў Еўропе пачнецца вялікая вайна. Пакуль усё ідзе да гэтага, паколькі мы не бачым, каб няўдачы Расіі ў вайне ва Украіне вядуць да пераацэнкі расійскіх планаў знешнепалітычнай экспансіі. Расія буксуе ва Украіне. Яна разлічвала захапіць Украіну за 3 дні, а гэтая вайна ідзе ўжо 4-ы год. Калі гэтая вайна працягнецца да студзеня 26-га года (хутчэй за ўсё, так і будзе), то яна ўжо будзе доўжыцца даўжэй, чым Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза.

Расія буксуе ва Украіне, але гэта не вядзе да змены знешнепалітычных амбіцый расійскай дзяржавы. Пры гэтым у Пуціна не вельмі шмат часу, таму што ў яго часу для рэалізацыі гэтых планаў столькі, колькі Трамп будзе ў Белым доме.

У Пуціна засталося крыху больш за тры гады для рэалізацыі сваёй праграмы. Пасля гэтага ў Амерыцы зменіцца кіраўніцтва, і, спадзяюся, Амерыка вернецца ў сям'ю цывілізаваных народаў. Пакуль Трамп у Белым доме, пра Амерыку нам, на жаль, варта забыць. Ніякай дапамогі з боку Злучаных Штатаў Еўропа, Украіна, дэмакратычная Беларусь не атрымаюць. Хутчэй наадварот, мы бачым, як Трамп дапамагае Пуціну, дапамагае Лукашэнку, дапамагае ўсім астатнім праціўнікам Украіны, напрыклад, Орбану ў Венгрыі. Гэта дадзенасці, з якімі мы маем справу, і трэба разумець, што ніякіх змен у палітыцы і паводзінах Трампа не адбудзецца.

— Праз год пасля нашай рэвалюцыі пачаўся міграцыйны крызіс, то бок атака мігрантаў на тэрыторыі дзяржаў НАТА. Праз паўтара года пасля рэвалюцыі пачалася адкрытая агрэсія супраць Украіны з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. У апошнія дні была вельмі вялікая хваля залётаў з тэрыторыі Беларусі метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі. Літва закрывала памежныя пункты, у аэрапорце Вільнюса быў хаос. Дыверсанты з'яўляюцца ў Літве і ў Польшчы. Як вы бачыце перспектыву гэтага? Якімі могуць быць наступныя крокі крэмлёўскага рэжыму з выкарыстаннем Беларусі?

— Два напрамкі ўжо абазначаныя некаторы час таму. Па-першае, праведзены ўсе падрыхтоўчыя мерапрыемствы для перакідкі ў Беларусь ядзернай зброі. І нават у нейкі момант лічылася, што яе ўжо перакінулі. Праўда, агульнае меркаванне людзей, якія сочаць за гэтым, заключаецца ў тым, што на дадзены момант расійскай ядзернай зброі ў Беларусі няма. Альбо з прычыны таго, што Расія Лукашэнку ў гэтым пытанні не давярае, альбо з-за таго, што Украіна, можа быць, паспрабавала б тады захапіць гэтую зброю і абезапасіць сябе ад магчымога ўдару з Беларусі.

Мы памятаем, як Лукашэнка нахабна і дзёрзка пагражаў Літве і Польшчы тым, што ён нанясе ядзерны ўдар менавіта па гэтых краінах. Дык што гэтая пагроза ўжо абазначаная.

Другое — толькі што мы былі сведкамі накачкі сітуацыі з-за меркаваных расійска-беларускіх вучэнняў. Пры тым заявілі іх як грандыёзныя, з удзелам ста тысяч вайскоўцаў. Мы вельмі добра, натуральна, памятаем, да чаго прывялі гэтыя так званыя вучэнні ў 2022 годзе. Таму было відавочна, што калі Расія пачне на фоне вайны канцэнтраваць войскі ў Беларусі пад падставай вучэнняў, то гаворка, хутчэй за ўсё, будзе пра падрыхтоўку ўварвання. Адпаведна, альбо ўварвання ва Усходнюю Еўропу, альбо падрыхтоўкі другога наступу на Кіеў.

Але ўрэшце, як мы ведаем, гэтыя вучэнні рэальна праведзены не былі. Альбо Расія спалохалася, што Украіна нанясе прэвентыўны ўдар па сканцэнтраваных у Беларусі войсках, альбо таму, што ў Расіі насамрэч не хапіла для гэтага войскаў. Гэтыя грандыёзныя стотысячныя вучэнні звяліся да вучэнняў, у якіх удзельнічала 13 тысяч чалавек.

Таму не ўсё ў Пуціна ідзе гладка, але тым не менш Беларусь як плацдарм для пагрозы захоўваецца. Вы правільна цяпер пералічылі і дыверсіі, і дыверсантаў, і дроны, і многае іншае, што яшчэ чакае Усходнюю Еўропу, тыя краіны, якія мяжуюць з Беларуссю, таму што Беларусь Пуціным пакінута як плацдарм для пагрозы і для нападу на Еўропу. Да тых часоў, пакуль Расія кантралюе Беларусь, яна будзе захоўваць за сабой гэты плацдарм. Таму што калі Расія страчвае гэты плацдарм і не мае магчымасці пагражаць з Беларусі Еўропе, яна прайграе вайну.

— Вы часта ў сваіх каментарах кажаце пра тое, што Беларусь акупаваная Расіяй. А як ад гэтай акупацыі пазбавіцца? Толькі ў выніку сцэнару вялікай вайны ў Еўропе? Ці ёсць нейкі іншы варыянт, дапусцім, параза Расіі ў вайне з Украінай?

— У ўсіх была задача спыніць вайну ва Украіне, я нават не хачу казаць, што задача — дабіцца паразы Расіі ва Украіне. Гэта, на жаль, не так. У гэтым вінаватая Еўропа, у гэтым вінаваты Злучаныя Штаты. Ні ў каго не было ўстаноўкі дабіцца паразы Расіі ў гэтай вайне. Усе мелі ўстаноўку зрабіць так, каб Расія ў гэтай вайне не перамагла, а Украіна ў гэтай вайне не прайграла. І таму, на жаль, гэтая вайна даведзеная да таго стану, што яна цягнецца ўжо чацвёрты год, а тут яшчэ і Трамп прыйшоў у Белы дом, і ў Пуціна апынуўся вельмі важны саюзнік.

Гэту вайну трэба было спыняць яшчэ ў 2022 годзе, і было дастаткова шмат інструментаў, каб гэта зрабіць. Але цяпер ужо атрымліваецца, што для таго, каб гэтая вайна спынілася, трэба, падкрэслю, змяніць тактыку і стратэгію гэтай вайны.

Трэба пагадзіцца з тым, што Украіне павінны даць зброю для магчымасці нанесці ўдары па Маскве, таму што нічога, акрамя Масквы, Пуціна не непакоіць. Расія — гэта краіна аднаго горада. Чацвёрты год ідзе вайна, а Масква гэтай вайны ўвогуле не адчувае, Масква на гэтай вайне, наадварот, толькі жыруе. Колькасць мільянераў павялічваецца з года ў год, і Масква цудоўна сябе адчувае на фоне вайны, таму да тых часоў, пакуль Масква не адчуе гэтай вайны, нічога не будзе.

І другое, паколькі мы сапраўды, напэўна, цяпер ужо не можам ставіць пытанне пра змену рэжыму ў Расіі (вельмі наіўна лічыць, што гэта лёгкая задача, якая можа быць хутка вырашаная), трэба ставіць пытанне пра ізаляцыю Расіі. А для таго, каб адбылася ізаляцыя Расіі, трэба, каб яна страціла кантроль над Беларуссю. А каб РФ страціла кантроль над Беларуссю, трэба змяніць рэжым у Беларусі. Таму што там класічны дыктатарскі рэжым, які змяніць лёгка. Падкрэслю — у адрозненне ад рэжыму ў Расіі, дзе ўладу захапіла ФСБ як ведамства, якое жорстка кантралюе гэтую краіну.

Тое, што беларусы арыентуюцца на Захад, а не на Усход, шчыра кажучы, мне адкрыла вочы Наталля Радзіна, з якой я даўно быў знаёмы. Ідэя кнігі, якую я нядаўна выдаў і якая называецца «Беларусь Наталлі Радзінай», была падказаная Наталляй, калі яна на адным з Форумаў вольнай Расіі, дзе мы выступалі разам, прачытала лекцыю для не дасведчаных людзей, якія не да канца разумеюць, што такое Беларусь. І пасля гэтага яе выступлення я нарэшце зразумеў, што мой погляд на Беларусь быў абсалютна няправільны. Беларусь ніколі не арыентавалася на Расію, Беларусь заўсёды арыентавалася на Захад, на Еўропу, адчувала сябе часткай Еўропы. Беларусам — з-за таго, што такога погляду на іх ні ў каго не было ў Еўропе — ні разу не дапамаглі, хоць рэвалюцый у Беларусі было вельмі шмат, пачынаючы з 1991 года. І спробаў забяспечыць перамогу дэмакратыі ў Беларусі было вельмі шмат. Але невялікая краіна не ў стане вырашыць гэтыя пытанні без падтрымкі Еўропы.

— Кніга называецца «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара». Думаю, што гэта будзе добры акцэнт для завяршэння нашай размовы. Нагадайце пра гэтую кнігу. Дзякуючы ёй мы з вамі сустрэліся.

— Вам пашанцавала, што ў вас толькі адзін дыктатар. Будзем спадзявацца, што яго дні злічаныя. Спадзяюся, што кніга чытачам вельмі спадабаецца. Яна вельмі правільна распавядае пра тое, што адбывалася ў Беларусі з 1991 года. Гэта кніга пра Беларусь праз гісторыю жыцця Наталлі Радзінай.

Купіць кнігу «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара» можна на наступных пляцоўках:

Праз сайт выдавецтва «ISIA Media».

На ўкраінскай мове — праз сайт выдавецтва «Друкарський двір Олега Федорова».

У бліжэйшы час кніга выйдзе на беларускай і англійскай мовах.

Апошнія навіны