Таямнічы выбух на Сахаліне: частка вострава засталася без святла
- 28.10.2025, 11:30
Таксама ў шэрагу раёнаў была прыпыненая падача вады.
На востраве Сахалін, што знаходзіцца на Далёкім Усходзе Расіі, раніцай у аўторак, 28 кастрычніка, прыблізна а 07:40 па мясцовым часе адбылося адключэнне электраэнергіі па ўсёй паўднёвай частцы Сахаліна пасля выбуху на адной з мясцовых цеплаэлектрацэнтраляў. Губернатар Сахалінскай вобласці Валерый Лімарэнка у тэлеграм-канале паведаміў пра аварыйнае адключэнне электраэнергіі.
Як паведамляюць расійскія СМІ, без электрычнасці засталіся дзясяткі населеных пунктаў, у тым ліку адміністрацыйны цэнтр вобласці — Южна-Сахалінск. Таксама ў шэрагу раёнаў была прыпыненая падача вады. Паводле даных, без святла і вады засталіся Южна-Сахалінск, Дальны, Нова-Аляксандроўск і Наватраіцкае.
Мясцовыя жыхары скардзяцца, што ў кватэрах халодна, бо не працуюць помпы і сістэмы ацяплення. Сітуацыю ўскладняюць умовы надвор'я — на востраве фіксуецца пахаладанне. Спачатку прычыны аварыі не называлі, бо праводзілася праверка абсталявання.