BE RU EN

Віталь Портнікаў: Кніга «Беларусь Наталлі Радзіны» — урок для ўкраінцаў

  • 30.10.2025, 18:13

Вайну можна было прадухіліць.

Вядомы ўкраінскі журналіст Віталь Портнікаў у «Фэйсбуку» пракаментаваў выхад новай кнігі амерыканскага пісьменніка Юрыя Фельштынскага «Беларусь Наталлі Радзіны. Журналістка супраць дыктатуры». Віталь Портнікаў лічыць, што гэтая кніга — урок для ўкраінцаў:

— Выдавецтва «Друкарський двір Олега Федорова» выпусціла ў Кіеве кнігу Юрыя Фельштынскага, гераіняй якой стала мая калега і сяброўка, беларуская журналістка Наталля Радзіна — «Беларусь Наталлі Радзіны. Журналістка супраць дыктатара».

Для беларускага чытача гэта кніга — напамін пра тое, што людзі, якія ратуюць і захоўваюць гонар беларускага народа, а разам з ім і перспектыву сапраўднай дзяржаўнасці, працягваюць змагацца нават у выгнанні. Для міжнароднага чытача — гэта сведчанне таго, якой магла б быць Беларусь, калі б дыктатура лубянскага агента не перамагла.

А для нас, украінцаў, — гэта балючы ўрок недальнабачнасці.

Наталля цягам дзесяцігоддзяў, падчас сваіх візітаў у Кіеў, у размовах з палітыкамі і журналістамі настойліва тлумачыла, што Лукашэнку нельга давяраць. Яна папярэджвала: ён не з’яўляецца і ніколі не быў гарантам украінскай бяспекі. І пакуль ён застаецца ў Мінску, тэрыторыя Беларусі можа ў любы момант стаць плацдармам для агрэсіі супраць Украіны.

Але большасць яе суразмоўцаў у Кіеве ўспрымалі гэтыя папярэджанні з паблажлівай усмешкай — маўляў, што яшчэ можа сказаць эмігрантка, вымушаная бегчы ад дыктатара. Украінскія палітыкі лічылі, што трэба «займацца сваёй справай» і «развіваць адносіны з Лукашэнкам».

Мы ведаем, чым усё скончылася. Гэтыя «адносіны» абярнуліся ўварваннем расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі. Калоны тэхнікі рушылі на Кіеў і Чарнігаў менавіта з той мяжы, пра небяспеку якой гадамі казала Радзіна.

І калі б тады, у мірныя гады, украінская эліта прыслухалася да Наталлі — магчыма, не было б гэтага нападу. Магчыма, не было б вайны.

Набыць кнігу «Беларусь Наталлі Радзіны: журналістка супраць дыктатара» можна на наступных пляцоўках:

Праз сайт выдавецтва «ISIA Media».

На ўкраінскай мове можна праз сайт выдавецтва «Друкарський двір Олега Федорова».

У бліжэйшы час кніга выйдзе на беларускай і англійскай мовах.

Апошнія навіны