Беларусы ўсталі на абарону студэнта з Конга
- 8.10.2025, 17:32
Ён запісаў праўдзівы ролік пра сітуацыю з цэнамі.
Нядаўна афрыканскі студэнт у Мінску выклаў відэа ў TikTok, дзе з дзіўленнем выказаўся пра цану на Coca-Cola. Паводле слоў Натана Телофата, у 2021-м, калі ён толькі прыехаў у Беларусь, напой каштаваў 2 рублі, а цяпер — 5. Відэа хутка стала папулярным і набрала больш за 400 тысяч праглядаў.
«Салідарнасць» паглядзела, як у каментарах рэагавалі беларусы, і распавядаем, як развівалася сітуацыя далей.
Пад відэа пра высокія цэны на Coca-Cola трапляліся такія каментары (арфаграфія і пунктуацыя выпраўленыя):
«Найгоршае тое, што летась шакалад каштаваў 1,5–2 р, а цяпер 5–6».
«Згодна. Я абураюся кожны дзень. Цэны на курынае філе, на малочку, на тую ж газіроўку і многае іншае. Цэны ўзляцелі, і ўсе пра гэта маўчаць. Вельмі шмат грошай ідзе проста на харчаванне».
«Увогуле цэны шокуюць. Колу ўжо радзей купляю, вельмі дорага. І чыпсы, і іншае».
У наступным відэа тыктокер папрасіў прабачэння перад беларусамі, якіх «магло пакрыўдзіць» відэа пра цэны. Некаторыя ў каментарах дапусцілі, што хлопца запалохалі міліцыянеры. Шмат беларусаў адзначылі, што яму няма за што выбачацца.
«Падзяляю ваша абурэнне. Я з Мінска, сапраўды высокі рост цэн і павольны рост зарплат абурае».
«Бро, не выбачайся. Адэкватныя беларусы да цябе не маюць ніякіх прэтэнзій. Поспехаў».
«Не выбачайся, ты ўсё правільна сказаў — усё дорага. Нам, абывацелям, не зразумець, як гэта працуе, застаецца толькі прыняць...»
«Гэта не палітыка. Гэта рэаліі сённяшняга жыцця. Усё бясконца даражэе».
«Не выбачайся, гэта праўда вельмі дорага, цэны выраслі ўдвая, а зарплаты — не».
«Тут усё зразумела. Правялі прафілактычную гутарку. Браце, у нас казаць праўду небяспечна».
«Дык за што ён выбачаецца? Ён жа мае рацыю».
«Не смей выбачацца. У фінансавай палітыцы дзяржавы не вінаваты ніводзін абывацель».
У наступным відэа хлопец распавёў пра званок з міліцыі. Паводле яго слоў, супрацоўнікі ведаюць, дзе студэнт вучыцца і жыве, а таксама ў курсе, з кім сябруе. На гэта карыстальнікі рэагавалі так:
«Цяпер хлопец зразумее, дзе жыве. Ён здзіўлены, не можа паверыць, што такое дзесьці можа быць. Цэны на Coca-Cola, ўдумайцеся. Яны не хочуць, каб хтосьці цэны параўноўваў і казаў пра падаражанне. Уся сутнасць дыктатуры».
«Калі за відэа з Колай, дык гэта перагіб, канечне. Дорага піць Колу, пераходзь на іншыя напоі, тым болей яна шкодная».
«Ты наш герой, малайчына».
«Ён не скардзіўся, а проста здзівіўся, як за такі кароткі час падаражаў напой. Але ў нас падаражаў не толькі ён, але і ўсе прадукты».
Праўда, знайшліся і вось такія каментары: «Правільна, на апярэджанне міліцыя дзейнічае. Сёння ён намёкі робіць, цэны ганіць, а заўтра будзе ганіць нашага прэзідэнта».
Размова з міліцыяй у хлопца ўсё ж адбылася. Пра гэта ён запісаў асобнае відэа:
— Мне сказалі, што я не зрабіў нічога дрэннага. Яны былі да мяне вельмі добрыя і паводзілі сябе пазітыўна. Я люблю Беларусь, і мне тут падабаецца. Міліцыя тэлефанавала не з-за роліка пра Coca-Cola, — сказаў студэнт.
Некаторыя каментатары дапусцілі, што тэкст да відэа напісаў не сам хлопец.
«Каб данесці палітычныя ідэі. Х-ммм, цікава, з чыйго падачы ён гэта напісаў, нават і не ведаю».
«Ага. З міліцыі проста так набралі, спытаць, як справы».
«То-бок чалавек проста сказаў пра тое, што Cola ў цане вырасла (што так і ёсць), і яго ў мянтоўку выклікалі? Вы што там у Мінску, угараеце ці што?»
«Так-так, малайчына. Усе беларусы зразумелі».
«Ха-ха-ха, такая ўвага проста за тое, што ты звярнуў увагу на цэны. Свабодная, дэмакратычная краіна».
«Так-так-так. Я ведаю, як у такіх выпадках бывае: ветліва патэлефанавалі і намякнулі на дэпартацыю — 100%.»