BE RU EN

Страшная аварыя адбылася пад Віцебскам

  • 25.06.2025, 17:06

18-гадовы хлопец на Nissan зладзіў лабавое сутыкненне.

Адзін чалавек загінуў, яшчэ два атрымалі цяжкія траўмы ў лабавым сутыкненні дзвюх легкавушак у Віцебскім раёне. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Следчага камітэта.

Паводле інфармацыі следства, удзень 24 чэрвеня 18-гадовы жыхар Віцебска ехаў на Nissan па тэрыторыі Віцебскага раёна. Блізу 10.40 паблізу аграгарадка Мазалава ён пайшоў на абгон і рэзнуўся ў сустрэчны Kia Sportage, у якім знаходзіліся грамадзяне Расейскай Федэрацыі, што прыехалі ў Беларусь з турыстычнай мэтай.

У выніку ДТЗ 11-гадовая дзяўчынка, якая знаходзілася ў Kia, ад атрыманых траўм памерла ў шпіталі. Кіроўца Nissan і 11-гадовы хлопчык – пасажыр Kia, знаходзяцца ў рэанімацыі. Кіроўца і 47-гадовая пасажырка Kia сур'ёзных траўм у аварыі не атрымалі.

Следчыя ўстанавілі, што кіроўца Nissan атрымаў пасведчанне толькі ў красавіку 2025 года. Падчас ДТЗ ён быў цвярозым.

У дачыненні да хлопца распачалі крымінальную справу адпаведна з ч.2 арт.317 КК (Парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

Апошнія навіны