У Беларусі забаранілі збіраць некалькі відаў ядомых грыбоў
- 27.06.2025, 8:42
Адзін з іх каштуе блізу 120 еўраў за кілаграм.
Нядаўна была адрэдагаваная Чырвоная кніга. Цяпер жа Інстытут эксперыментальнай батанікі ім. Купрэвіча пры Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі апублікаваў тлумачэнні да змен спісу рэдкіх і ахоўных відаў. Там ёсць і ядомыя грыбы - іх больш нельга збіраць пад пагрозай штрафу.
Усяго сем відаў грыбоў «прапанаваныя да аховы ў сувязі са значным скарачэннем раней вядомых месцаў вырастання»:
Павуціннік залаціста-руды (Cortinarius aureofulvus Moser);
Вароначнік ражковападобны (Craterellus cornucopioides L. Pers.;
Каштанавы грыб, каштанавік (Gyroporus castaneus (Bull.) Quél.);
Сыраежка залацістая (Russula aurea Pers.);
Сыраежка сардоніксавая (Russula sardoniа Fr.);
Вальварыэла шаўкавістая (Volvariella bombicina (Schaeff.) Singer);
Ксілабалюс панцырны (Xylobolus frustulatus (Pers.) P. Karst.).
Як піша «Смартпресс», як мінімум тры віды грыбоў са спісу з'яўляюцца ядомымі - каштанавік, вальварыэла шаўкавістая і чорная лісічка (вароначнік ражковападобны). Адзначым, што сыраежка залацістая ў літаратуры таксама пазначаецца як ядомая.
Каштанавы грыб мае падабенства з белым грыбам, але ножка мае карычняваты колер і полая або з пустэчамі.
Вальварыела сустракаецца летам і ўвосень у лісцяных і змешаных лясах, парках - на жывых і адмерлых ствалах лісцяных дрэў. Спачатку яна хаваецца ў «яйку», затым распускаецца.
Чорная лісічка, або вароначнік ражковападобны (Craterellus cornucopioides), па смаку не саступае сваім жоўтым субратам. Расце на глебе ў вільготных лісцяных, іглічных і змешаных лясах, у тым ліку на апалай лістоце дубоў і букаў, на гліністай і вапнавай глебе, аддае перавагу адкрытым, светлым месцам, абочынам сцяжынак і дарог, краю канаў.
Дарэчы, два гады таму чорныя лісічкі знайшлі ў гідралагічным заказніку «Рычы» ў Браслаўскім раёне.
Згодна з фінскім кіраўніцтвам па выкарыстанні грыбоў, гэты ядомы грыб не патрабуе папярэдняй апрацоўкі. Выкарыстоўваецца ў смажаных, тушаных стравах, супах, падліўках, заправах. Прычым ён дастаткова дарагі - амаль 120 еўраў за кілаграм.
Як адзначаецца ў тлумачэннях навукоўцаў, сем відаў грыбоў, уключаныя ў Чырвоную кнігу, з'яўляюцца «індыкатарамі малапарушаных і векавых лясоў».
Пры гэтым дзевяць грыбоў выключылі з Чырвонай кнігі праз тое, што іх ужо даўно не знаходзілі ў Беларусі.