У Польшчы прынялі пастанову аб спрошчанай выдачы «пашпартоў замежніка» для беларусаў
- 27.06.2025, 11:27
Тэрмін працягнуты да 31 снежня 2025 года.
Спрошчаны парадак выдачы польскіх праязных дакументаў іншаземца для грамадзян Беларусі працягнуты да 31 снежня 2025 года, паведамляецца на сайце ўрада Польшчы.
Грамадзяне Беларусі, якія жывуць у Польшчы, па-ранейшаму могуць атрымаць праязны дакумент іншаземца ў спрошчаным парадку - з 1 ліпеня ён будзе працягнуты яшчэ на паўгода, да 31 снежня 2025-га.
«Гэта яшчэ адзін інструмент актыўнай падтрымкі беларускага грамадства з боку польскіх улад», - адзначылі ва Управе ў справах іншаземцаў Польшчы.
Нагадаем, спрошчаны парадак выдачы праязных дакументаў для грамадзян Беларусі быў уведзены ў Польшчы пастановай Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі ў ліпені 2023 года. У адпаведнасці з ім для беларусаў уводзіліся наступныя паслабленні:
вызваленне ад выплаты збору за выдачу праязнога дакумента для замежніка – гэты захад будзе дзейнічаць бестэрмінова аж да яго скасавання;
з заявай з просьбай аб выдачы дакумента маглі звярнуцца таксама беларусы, якія ніколі не мелі праязнога дакумента (найперш пашпарта), — у тым ліку дзеці;
беларусам, у адрозненне ад іншых тых, хто хадайнічае, не трэба было даводзіць, што яны не могуць атрымаць пашпарт ад уладаў сваёй дзяржавы;
з заявай з просьбай аб выдачы дакумента маглі звярнуцца беларусы, якія маюць у Польшчы толькі часовы дазвол на жыхарства незалежна ад мэт яго выдачы.
З тых часоў спрошчаны парадак выдачы «пашпартоў замежніка» рэгулярна працягваецца, кожныя паўгода - яшчэ на шэсць месяцаў.