Туск: Вайсковыя вакацыі для Еўропы скончыліся
- 27.06.2025, 15:50
Пазіцыя Трамп адназначная.
Падыход прэзідэнта ЗША Дональда Трампа да Еўропы азначае, што «вайсковыя вакацыі» для Еўропы скончыліся.
Як інфармуе RMF 24, пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск.
«Здаецца, нарэшце да ўсіх дайшло, што пазіцыя прэзідэнта Трампа і вашынгтонскай адміністрацыі з'яўляецца адназначнай», - сказаў прэм'ер.
Туск зазначыў, што Еўропа пастанавіла павялічыць выдаткі на абарону да 5% ВУП і засяродзіцца на абароне вонкавых межаў. Аднак сярэднееўрапейскі паказчык у гэтым пытанні пакуль нездавальняючы, а некаторыя краіны вельмі актыўна гэтаму супраціўляюцца.
«Ёсць краіны, якія дасягнулі добрага ўзроўню выдаткаў, напрыклад, Грэцыя. Ёсць краіны, якія ўвесь час адбіваюцца ад павелічэння выдаткаў, на маю думку, крыху недаацэньваючы пагрозу толькі таму, што яны далёка ад Расеі», - сказаў ён.
Са слоў Туска, ён не абураны гэтым, бо ў выпадку рэальнай пагрозы краіны Еўрапейскага Звязу будуць «клапаціцца адна пра адну».