Жыхары Даніі першымі ў Еўропе атрымаюць аўтарскае права на цела, голас і асобу для абароны ад ШІ
- 28.06.2025, 16:41
Абноўленыя правілы не будуць распаўсюджвацца на пародыі або сатыру.
Данія плануе ўвесці першыя ў Еўропе правілы, якія павінны абараніць грамадзянаў ад ШІ-дыпфэйкаў і даць ім аўтарскае права на ўласнае цела, голас і рысы твару.
Адпаведныя змены ўнясуць у закон аб аўтарскім праве, паведамляе The Guardian. Такім чынам, людзі могуць патрабаваць выдалення кантэнту, створанага штучным інтэлектам, які выкарыстоўвае іх падабенства без згоды, і патрабаваць кампенсацыі ў судзе.
Урад сцвярджае, што змененыя законы пашлюць «адназначны сігнал» кампаніям, якія займаюцца штучным інтэлектам:
«Калі платформы не выконваюць правілы, мы гатовыя ўжыць дадатковыя захады», – кажа міністр культуры Даніі Якаб Энгель-Шміт.
У выпадку парушэнняў кампаніі могуць быць аштрафаваныя, а далей іх справы будзе разглядаць Еўрапейская камісія. Энгель-Шміт удакладніў, што абноўленыя правілы не будуць распаўсюджвацца на пародыі ці сатыру.