BE RU EN

Першы смартфон Samsung, які складаецца ўтрая, ужо на падыходзе

  • 28.06.2025, 15:28

Што пра яго вядома?

Кампанія Samsung пацвердзіла, што летняя прэзентацыя Galaxy Unpacked пройдзе ўжо 9 ліпеня. На ёй нас чакаюць анонсы Galaxy Z Fold 7/Flip 7 і новы смарт-гадзіннік Galaxy 8. Таксама вытворца плануе здзівіць гледачоў чаканай навінкай.

Паводле інфармацыі надзейнага інсайдара Setsuna Digital, Samsung паўнавартасна прэзентуе свой першы смартфон з патройным дысплэем, які складаецца. Аднак у адрозненне ад Z Fold 7 і Z Flip 7, «трыкладушка» паступіць у продаж не раней за кастрычнік.

ФОТА: MKBHD

Падобны падыход нагадвае нядаўні запуск Galaxy S25 Edge. Упершыню кампанія згадала тонкі смартфон у студзені на мерапрыемстве, прысвечаным Galaxy S25, але паўнавартасна ён выйшаў толькі ў траўні.

Дарэчы, карэйцаў ужо апярэдзілі кітайцы. Летась Huawei выпусціла Huawei Mate XT, здольны складацца ўтрая. Кошты смартфона стартуюць ад 3000 даляраў.

Паводле наяўных звестак, «трыкладушка» Samsung будзе камплектавацца 9,96-цалевым дысплэем – гэта дыяганаль у цалкам раскладзеным стане. У складзеным стане памер Galaxy G Fold будзе як у 6,54-цалевага Galaxy Z Fold 7.

У адрозненне ад Mate XT, прылада Samsung будзе выкарыстоўваць G-механізм, пры якім абодва бакі экрана згортваюцца ўнутр. Такі падыход абяцае павысіць даўгавечнасць смартфона.

Апошнія навіны