Астатні вайсковы карабель РФ уцёк з Міжземнага мора
- 29.06.2025, 11:43
Канец імперскіх ілюзій.
Расея канчаткова страціла сваю вайсковую прысутнасць у Міжземным моры. У канцы чэрвеня 2025 г. астатні карабель ВМФ РФ пакінуў рэгіён. Інфармацыю пацвердзіла крамлёўскае прапагандысцкае выданне «Военный обзор», паведамляе Dialog.UA.
Адзначыў тое, што адбываецца, і вайсковы аналітык Агіль Рустамзадэ. «Страта марской і паветранай базы ў Сірыі – цяжкі ўдар па аператыўных магчымасцях РФ у Міжземным моры, Блізкім Усходзе і Афрыцы. А з улікам закрыцця праток у Чорным моры (ад Чарнаморскага флоту мала што засталося), ВМФ РФ атрымала істотнае абмежаванне праецыраваць сваю сілу ў названых тэатрах ваенных дзеянняў», - напісаў эксперт.
Тое, што адбываецца, стала вынікам глыбокага палітычнага развароту ў рэгіёне. Пасля змены ўлады ў Сірыі і страты ўплыву на сірыйскае кіраўніцтва Масква засталася без падтрымкі і інфраструктуры.
Ключавая вайскова-марская база ў сірыйскім Тартусе, дзе раней базаваліся караблі расійскага флоту, зараз страчаная. Ужо відавочна, што неўзабаве РФ пазбавіцца і паветранай базы Хмэймім, дзе размяшчаўся важны для яе аэрадром стратэгічнага прызначэння.
Як адзначаюць нават расейскія праўладныя крыніцы, гэтая параза - татальная. «Так, мы шмат страцілі. Прычым прымудрыліся зрабіць гэта ў найкарацейшыя тэрміны, па-стаханаўску наадварот. Страцілі базы. Страцілі практычна ўвесь савецкі флот. Страцілі заводы. Ды мы цэлую краіну страцілі. Разам з мінулым і аўтарытэтам на сусветнай арэне», - пішуць крамлёўскія прапагандысты.
Уцёкі расейскага флоту з Міжземнага мора сталі не проста вайсковым эпізодам, а магутным сімвалам краху ўсёй блізкаўсходняй палітыкі РФ.
Страта Тартуса азначае страту лагістычнага пункта для дзеянняў у рэгіёне. Хмэймім, у сваю чаргу, быў калідорам у Афрыку, ключом да праецыравання сілы, цяпер ён закрыўся.
Крэмль яшчэ спрабуе захаваць бачнасць кантролю, але нават ягоныя ідэалагічныя рупары прызнаюць відавочнае: Расея ў імклівай дэградацыі губляе рэшткі ранейшага ўплыву і павагі на міжнароднай арэне.