Расейку, якая страціла ўнука на вайне, прынізілі ў жывым эфіры прапагандысты Пуціна
- 29.06.2025, 13:33
На паджылую жанчыну спачатку накрычалі, а потым адключылі ад праграмы.
У Расеі здарыўся скандал, які агаліў стаўленне пуцінскага рэжыму і прапагандыстаў да тых, каго завуць «героямі».
У жывым эфіры радыё «Комсомольская правда» бабуля аднаго з ліквідаваных расейскіх вайскоўцаў распавяла аб сапраўдным пекле, з якім сутыкаюцца сем'і загінулых на вайне ва Украіне.
На яе спачатку накрычалі, а потым адключылі ад эфіру, піша «Дыялог.UA».
Жанчына, якая патэлефанавала ў эфір радыёстанцыі, была ў роспачы. «Узнікае ў нас, грамадзян Расеі, пытанне, чаму няма гуманнага стаўлення да загінулых вайскоўцаў Расеі? (...) Чаму целы ветэранаў загінулых нашых па паўгода, а часам па годзе і больш валяюцца раскіданыя на брудных палях, лясах, развалінах. Забытыя, непатрэбныя камандзірам. Ну як адпрацаваны матэрыял! Тысячы прозвішчаў, фатаграфій...Маці, жонкі нашы ўпрошваюць камандзіраў ваенных частак, упрошваюць Мінабароны дапамагчы вярнуць целы загінулых, якія з часам ператварыліся ў нішто, гніюць! Целы гніюць! Не вяртаюць. Камандзіры маўчаць. Звяртаемся ў Мінабароны - вынікаў ніякіх, адказаў няма. Дзеянняў ніякіх! Скажыце, што трэба зрабіць, каб вярнуць гуманізм у Расею? Чаму дазваляюць целам загінулых герояў гнісці? - Пытала пенсіянерка.
Словы жанчыны выклікалі адкрытую агрэсію ў вядоўцаў перадачы - крамлёўскіх прапагандыстаў Віктара Баранца і Міхаіла Цімашэнкі.
Спачатку яны спрабавалі пераканаць слухачку, што калі яна асабіста не бачыла цела, значыць «праблемы не існуе». Аднак, калі тая паведаміла, што цела яе ўнука ўжо паўгода гніе на тэрыторыі Украіны, тон рэзка змяніўся.
Прапагандысты перайшлі на крык, абвінавацілі жанчыну ў хлусні і тут жа перапынілі эфір. «Усё. Спыніцеся. Я не хачу далей слухаць, усё зразумела! Ды не патрэбен ёй адказ! Не патрэбен. Гэта звычайныя эмоцыі, якія вывяргаюцца ў прастору…Не буду слухаць агульную балбатню! Бескарысная размова!» - заявілі прапагандысты.
Сітуацыя вакол загінулых на фронце акупантаў не новая. Украінскі бок рэгулярна паведамляе, што целы расейскіх салдат месяцамі застаюцца на палях бітваў, і афіцыйныя структуры РФ не праяўляюць цікавасці да іх вяртання.
Міжнародныя гуманітарныя арганізацыі фіксавалі шматлікія выпадкі, калі грузавікі з целамі байцоў знаходзілі толькі праз доўгія месяцы.