Экс-кіраўнік Генштаба зняславіўся з беларускай мовай
- 29.06.2025, 13:56
Генерал не змог знайсці беларускую клавіятуру і скапіяваў чужое віншаванне, выдаючы за сваё.
Экс-начальнік Генштаба і былы дэпутат Алег Белаконеў наведаў выпуск лейтэнантаў вайсковага факультэта ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы і адрэагаваў на гэта допісам у Instagram. Генерал-маёр пісаў яго на беларускай мове, але расейскай раскладкай, чым выклікаў здзіўленне аднаго са сваіх падпісчыкаў - «інтэлект-трэнераў», заўважыла «Зеркало».
Выпуск лейтэнантаў ваенфака ГрДУ прайшоў 28 ліпеня - пагоны і дыпломы атрымалі 25 курсантаў. Прычым якраз сёлета факультэту споўнілася 20 гадоў. Традыцыйна на ім рыхтуюць тылавікоў. Цяперашнія выпускнікі размеркаваныя «ў розныя месцы нашай неабсяжнай краіны», паведамляў начальнік факультэта Генадзь Пясляк.
Белаконеў жа вызначыўся допісам у Instagram на дзіўнай беларускай мове - былы топ-вайсковец, відавочна, не змог знайсці раскладку і замест «ў» выкарыстаў «й».
Прычым, тэкст пад допісам экс-кіраўніка Генштаба - гэта дрэнна скапіяванае віншаванне рэктаркі ГрДУ Ірыны Кітуркі.
Белаконеў - ураджэнец расейскага Прыморскага краю, ён камандаваў беларускімі Сіламі спецыяльных аперацый, пяць гадоў узначальваў Генштаб, а потым быў дэпутатам парламента. Быў заўважаны ў тым, што рэгулярна ездзіць у Маскву, удзельнічаў у пасяджэннях Парламенцкага Сходу Саюзнай дзяржавы і мерапрыемствах «Дома Масквы» ў Менску.
У 2021 годзе заяўляў, што нязгодных, якія супраціўляюцца беларускім сілавікам, трэба «мачыць у сарціры ўсіх, за аднаго 20, 100, каб не было панадна нікому». Адбылося гэта падчас цырымоніі развітання з супрацоўнікам КДБ Дзмітрыем Федасюком, які загінуў у перастрэлцы з менскім ІТ-спецыялістам Андрэем Зельцэрам.