BE RU EN

«І каштуюць, як крыло самалёта»

  • 29.06.2025, 14:10

«Камунарку» абвінавацілі ў плагіяце.

Падарункавыя наборы цукерак «Менск» выпусціла сталічная фабрыка «Камунарка». Пасля анонсу навінкі ў Instagram падпісчыкі сталі абвінавачваць кампанію ў плагіяце, піша «Зеркало».

Падарункавыя наборы напоўнілі 300 грамамі труфеляў. У чырвоны пайшлі «Менскі труфель» і «Труфель капучына», а ў карычневы: «Сталічны труфель» і «Труфель капучына».

Пасля анонсу навінкі ў Instagram карыстальнікі сацсеткі звярнулі ўвагу на падазронае падабенства беларускіх падарункавых набораў «Менск» з аналагічнай прадукцыяй, але пад брэндам «Масква» ад расейскай кандытарскай фабрыкі «Чырвоны Кастрычнік».

«Вось гэта касплей на цукеркі „Масква“ ад «Чырвонага Кастрычніка». Адзін у адзін пакаванне, ну навошта вы так», - напісала kacifrise.

«Як «Масква» рыхт-у-рыхт», – дадала antonia_ka_2019.

Іншых падпісчыкаў не задаволіў кошт навінкі:

«Неабгрунтавана высокі кошт такіх каробак - разлік на турыстаў. Такое адчуванне, што 50% кошту набору - сама каробка».

«І каштуюць, як крыло самалёта, 100 адсоткаў».

Апошнія навіны