BE RU EN

Французскія Каны абмяжоўваюць прыём буйных круізных лайнераў

  • 29.06.2025, 14:26

Да аднаго судна за дзень.

Вядомы курортны горад Францыі Каны пастанавіў услед за суседняй Ніцай абмежаваць прыём у сваёй затоцы гіганцкіх круізных лайнераў з 2026 года, паведамляе Le Figaro.

Каны пастанавілі з 2026 года абмежаваць уваход у затоку горада для буйных круізных лайнераў з больш чым 3000 пасажырамі на борце. Паводле новых правіл, зайсці ў затоку зможа толькі адно такое судна за дзень.

У Канах няма прычала, да якога маглі б падысці такія гіганцкія караблі, таму лайнеры прышвартоўваюцца недалёка ад берага, а турыстаў адвозяць паглядзець на горад на невялікіх лодках.

Гарадскія ўлады Кан дасягнулі дамоўленасці з аператарам круізнага тэрмінала аб паступовым скарачэнні турыстычнай нагрузкі на горад. З 2026 года колькасць буйных лайнераў, якія прывозяць турыстаў у горад, павінна зменшыцца на 50%, а колькасць дзённых наведванняў горада жадаюць паменшыць да максімум 6000 чалавек за дзень. Да 2030 года маюць намер яшчэ больш узмацніць жорсткасць абмежавання і прымаць лайнеры з не больш чым 1300 пасажырамі.

Мэр горада Давід Ліснар растлумачыў, што не ставіць за мэту змагацца з круізамі як з'явай, але ставіць за мэту прымаць «судны меншыя, больш эстэтычныя, больш сучасныя і якія забяспечваюць павагу да навакольнага асяроддзя».

Цягам 2024 года ў затоцы Кан спыніліся 175 лайнераў, з якіх горад наведалі амаль 460 000 турыстаў. Некаторыя судны былі ёмістасцю, большай за 5000 чалавек.

У той жа час мэр Ніцы Крысціян Эстразі змякчыў першапачаткова анансаванае абмежаванне для лайнераў. Замест забароны прыёму суднаў з больш чым 900 пасажырамі, пастанавілі дазволіць спыненне не больш аднаго судна на дзень і з не больш чым 2500 пасажырамі. Непасрэдна ў порце горада змогуць швартавацца толькі судны з менш чым 450 пасажырамі.

Гішпанская Барселона летась анансавала павышэнне турыстычнага збору з пасажыраў круізных лайнераў, якія наведваюць горад на тэрмін, меншы за 12 гадзін.

Апошнія навіны