Паміж Расеяй і Азербайджанам успыхнуў скандал
- 29.06.2025, 15:03
Перагляд дачыненняў непазбежны.
Стасункі Масквы і Баку імкліва пагаршаюцца. Азербайджан касуе ўсе культурныя праекты Расеі і ўводзіць абмежаванні супраць яе прапагандыстаў, Расея адказала аблавай і насіллем супраць азербайджанскай дыяспары, піша «Дыялог.UA».
Эксперты гавораць аб поўным пераглядзе балансаў і пачатку глыбіннага канфлікту.
Касаванне Расеі ў Азербайджане
Міністэрства культуры Азербайджана абвясціла аб поўным скасаванні ўсіх культурных мерапрыемстваў, арганізаваных расейскімі дзяржаўнымі і прыватнымі структурамі.
Прычына - сістэматычны гвалт супраць азербайджанцаў у Расеі і нядаўнія падзеі ў Екацярынбургу, дзе расейскія сілавікі забілі азербайджанцаў.
«Касуюцца канцэрты, фэсты, спектаклі, выставы і іншыя мерапрыемствы», - гаворыцца ў афіцыйнай заяве. Паралельна Баку пачаў забараняць вяшчанне расейскіх прапагандысцкіх каналаў і абмяжоўваць уезд расейскіх медыяспецыялістаў.
Эскалацыя пачалася са збітага самалёта
Стартавым эпізодам крызісу стала катастрофа азербайджанскага цывільнага самалёта, збітага расейскімі вайскоўцамі над Чачэніяй.
Пасля гэтага Баку запатрабаваў афіцыйных прабачэнняў Масквы. Наступным крокам сталі масавыя аблавы на азербайджанцаў у Екацярынбургу, дзе, паводле паведамленняў, былі забітыя пяць чалавек і дзясяткі затрыманыя і збітыя.
Сяброўства Аліева і Пуціна скончылася
Назіральнікі адзначаюць, што эпоха блізкіх сувязяў прэзідэнтаў Аліева і Пуціна адыходзіць у мінулае. Для Баку зараз стратэгічна важна дыстанцыявацца ад Крамля, каб умацаваць супрацоўніцтва з Турцыяй і Еўропай.
Эксперты прагназуюць, што Азербайджан будзе больш актыўна падтрымліваць Украіну, працягне ціск на расейскія сілавыя структуры, узмоцніць уплыў у Арменіі праз Турцыю.
Перагляд стасункаў непазбежны
Нават калі адкрытай варожасці не здарыцца, фармат дачыненняў Масквы і Баку ўжо мяняецца на вачах. Расея, фактычна, страчвае ўплыў у яшчэ адным рэгіёне і робіць гэта ўласнымі рукамі, канфліктуючы адразу з усімі суседзямі па перыметры.