BE RU EN

Чаго чакаць ад даляра ў ліпені?

  • 30.06.2025, 10:20

Ці працягнецца трэнд на паслабленне.

Як мы і меркавалі, мінулы тыдзень не прынёс сюрпрызаў у выглядзе змянення трэнду на ўмацаванне беларускага рубля на нацыянальным валютным рынку. Што будзе з курсамі ў першы тыдзень ліпеня, расказвае фінансавы аналітык Міхаіл Грачоў у традыцыйным прагнозе ад myfin.by.

Пасля пятнічных таргоў зніжэнне абменнага курсу даляра ЗША за тыдзень склала чарговыя -0,40%. У чацвер, 26 чэрвеня, «бакс» зніжаўся на беларускіх валютных таргах да USD/BYN 2,9616, па ходзе гандлёвай сесіі ўгоды ўкладаліся курсам 2,9600. Агулам тыдзень закрыўся на значэнні USD/BYN 2,9663. Прасяданне курсу да пачатку года ўжо (-14, 60%). Аб'ём таргоў далярам ЗША на беларускай біржы за мінулы тыдзень стаў рэкордным за апошні год са 115,354 млн даляраў. Будзе нядзіўна, калі за чэрвень мы ўбачым павелічэнне аб'ёму продажу агулам і папаўненне ЗВР Нацбанка ў частцы замежнай валюты.

Абменны курс расейскага рубля на беларускім валютным рынку таксама мінімальна знізіўся за мінулы тыдзень на -0,03%. Закрыццё біржы ў пятніцу адбылося з курсам RUB/BYN 3,7738 за 100 расейскіх рублёў. Пры гэтым змена курса рубля праходзіла ў вельмі вузкім калідоры, што сведчыць аб попыце на валютным рынку менавіта на беларускую ліквіднасць. Аб'ём таргоў за тыдзень заставаўся на ўзроўнях вышэй за сярэдні і склаў 23 269,750 млн рублёў.

Чаму не патрэбная валюта?

Прычына такога моцнага рубля, як беларускага, так і расейскага, у адсутнасці попыту на замежную валюту з боку эканомікі і фізічных асоб.

Для банкаўскай сістэмы замежная валюта ў выглядзе даляраў ЗША і еўра ператварылася ў таксічны актыў, за захоўванне і пераводы якога трэба плаціць, і які фактычна не прыносіць даход. Для рэальнага сектара яны таксама не цікавыя, бо асноўная маса разлікаў з замежнымі контрагентамі вядзецца або ў рублях, або ў «дружалюбных» валютах. Для фізічных асоб даляр ЗША і еўра паступова выходзяць з абарачэння і губляюць прывабнасць як рэзервовы інструмент.

Яшчэ паўгода-год такога нізкага курсу - і пра даляр будзем успамінаць з настальгіяй: «...а памятаеце колькі можна было на сто баксаў набыць дваццаць гадоў таму!»

Адсюль цалкам лагічна меркаваць, што найбліжэйшым часам сітуацыя на беларускім і расейскім валютным рынках наўрад ці зменіцца кардынальна. Безумоўна, праз уплыў кароткатэрміновых фактараў кшталту падатковага перыяду, курс рубля можа мінімальна змяніцца ў бок паслаблення, але гэта будуць долі адсоткаў. Асноўныя фактары ў выглядзе высокіх ставак і нізкага попыту з боку эканомікі будуць надаваць моцную падтрымку рублю.

Менавіта гэтыя акалічнасці сталі асноўнай прычынай павышэння стаўкі рэфінансавання Нацбанкам Беларусі ў мінулы панядзелак, 23 чэрвеня. З 25 чэрвеня Праўленне Нацбанка павысіла стаўку рэфінансавання на 0,25% да 9,75%. Гэтая пастанова цалкам укладваецца ў трэнд на ўмацаванне абменнага курсу нацыянальнай валюты.

На сусветным фінансавым рынку таксама працягваецца трэнд на паслабленне курса даляра ЗША супраць асноўных інструментаў. Кошт унцыі золата застаецца паблізу ад гістарычных максімумаў, валютная пара EUR/USD працягвае ўпэўнены рух на поўнач. Чэрвень пара заканчвае на адзнацы вышэйшай за 1,172.

Прагноз на тыдзень

На існым тыдні трэба звярнуць увагу на перанос дня выпуску статыстыкі рынку рабочай сілы NFP. У пятніцу, 4 ліпеня, ЗША адзначаюць Дзень незалежнасці, таму NFP выходзяць у чацвер напярэдадні. Папярэдні прагноз на ўмацаванне звестак, таму па пары EUR/USD магчымая карэкцыя.

У Беларусі распачаты тыдзень таксама праходзіць у скарочаным фармаце, таму на валютным рынку будуць толькі тры гандлёвыя дні. З пачаткам ліпеня клімат на валютным рынку не мяняецца, таму, хутчэй за ўсё, абменны курс даляра застанецца ў цяперашнім дыяпазоне блізу USD/BYN 2,970.

Апошнія навіны