У Беларусі значна падаражэюць аўто з ЕЗ?
- 30.06.2025, 11:15
Брусэль мяняе правілы.
У ЕЗ загаварылі аб тым, што ўладальнікам патрыманых аўтамабіляў стане больш складана іх прадаць праз запланаваныя Еўракамісіяй новаўвядзенні.
Усё гэта значыць, што беларусам, магчыма, стане больш складана набыць у Еўропе ўжываны аўтамабіль прымальным коштам. Telegraf.news даведаўся, што вядома.
17 чэрвеня 2025 года з пачаткам старшынства Даніі Рада Еўрапейскага Звязу прыняла праект паправак, пахваліўшы Камісію за яе амбіцыйную рэформу. У Еўрапейскай камісіі ўзмацненне жорсткасці правіл гандлю патрыманымі аўтамабілямі растлумачылі клопатам аб навакольным асяроддзі і барацьбой з незаконным экспартам аўтамабіляў.
Змяненні могуць наўпрост закрануць як еўрапейскіх аўтаўладальнікаў, якія дагэтуль прадавалі аўтамабілі ў прыватным парадку без сур'ёзных фармальнасцей, так і прыезджых беларусаў, якія нягледзячы на ўсе перашкоды, працягваюць везці з Еўропы патрыманыя аўтамабілі ўзростам да 5 гадоў.
Лічбавы пашпарт аўто
Галоўнае ў новаўвядзеннях - гэта тое, што Еўразвяз рыхтуе ўкараненне «лічбавага пашпарта транспартнага сродку», які павінен забяспечыць поўнае адсочванне гісторыі аўтамабіля - з моманту вытворчасці да ўтылізацыі.
Гэта азначае, што еўрапейцы, якія прадаюць аўтамабіль, павінны будуць давесці, што транспартны сродак быў у прыдатным для эксплуатацыі стане на момант продажу. А для гэтага спатрэбіцца прайсці сапраўдны «бюракратычны кашмар», запісаўшы відэа аўтамабіля на момант продажу, атрымаць экспертныя заключэнні і іншыя дакументы.
Натуральна, усё гэта зробіць прадаваныя патрыманыя аўто даражэйшымі. І ўлады ЕЗ гэта ведаюць і нават не ўтойваюць, бо адной з мэт новаўвядзенняў называюць якраз скарачэнне экспарту патрыманых аўто ў трэція краіны.
Усё таму, што з 2023 года Еўрапейская камісія працуе над унясеннем паправак у правілы для транспартных сродкаў са скончаным тэрмінам службы (ELV). У рамках «Зялёнай дамовы» Еўразвяза там хочуць, каб увесь жыццёвы цыкл аўтамабіля - ад вытворчасці, продажу да перапрацоўкі - стаў часткай эканомікі еўрапейскіх краін замкнёнага цыклу. Гэта значыць, ужываныя аўтамабілі павінны заставацца ўнутры ЕЗ і ісці на перапрацоўку.
Для гэтага была прынятая Дырэктыва 2000.53.EЗ, якая набыла моц з 2020 года, і якая патрабуе, каб не менш за 85% вагі транспартнага сродку падлягала другаснай перапрацоўцы і 95% - аднаўленню.
Як «аўтахлам» пакінуць у ЕЗ
У Брусэлі наўпрост гавораць, што ўдзяляюць асаблівую ўвагу экспарту старых аўтамабіляў. ЕЗ хоча выкараніць практыку экспарту іх у трэція краіны, якая распаўсюджаная цягам многіх гадоў. Хаця ў тых краінах тое, што ў ЕЗ уважаюць за «лом», часта рэанімуюць, для Еўрапейскай камісіі гэта сур'ёзная праблема экалогіі і бяспекі.
Таксама ў ЕЗ заявілі, што плануюць укараніць новыя тэхналогіі на мытнях на межах ЕЗ, якія дазволяць адрозніваць «аўтахлам» ад фактычна спраўных патрыманых аўтамабіляў. Аднак гэта азначае ўстаноўку дадатковых сістэм, іх тэставанне і адабрэнне іх выкарыстання, г.зн., дадатковыя працэдуры. І гэта, натуральна, адаб'ецца на кошце і тых пяцігодак, што вязуць у Беларусь гандляры аўтамабілямі.