Кіраўнік МЗС Арменіі адмовіўся ехаць на пасяджэнне АДКБ
- 30.06.2025, 12:05
Замест гэтага ён сустрэўся з прадстаўніцай ЕЗ Каяй Калас
Міністр замежных спраў Арменіі Арарат Мірзаян не будзе ўдзельнічаць у пасяджэнні Савета кіраўнікоў МЗС Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), якое пройдзе 30 чэрвеня ў Кыргызстане, паведаміла прэс-сакратарка замежнапалітычнага ведамства Ані Бадалян. «У пазіцыі армянскага боку зменаў няма. Арменія не возьме ўдзелу ў гэтай сустрэчы», — сказала яна. Замест гэтага Мірзаян правядзе прэс-канферэнцыю з вярхоўнай прадстаўніцай Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Каяй Калас, якая прыбыла ў Ерэван 29 чэрвеня з двухдзённым візітам, піша The Moscow Times.
Высокапастаўленыя чыноўнікі Арменіі і яе прэм'ер Нікол Пашынян не ўдзельнічаюць у мерапрыемствах па лініі АДКБ з 2023 года, калі кіраўнік урада прыстрашыў выхадам з арганізацыі праз адсутнасць дапамогі падчас абвастрэння канфлікту з Азербайджанам. У лютым 2024 года Пашынян абвясціў аб замарожванні чаленства Рэспублікі ў АДКБ. Ён канстатаваў, што дамова аб калектыўнай бяспецы фактычна не працуе ў дачыненні да яго краіны. Арменія перастала плаціць унёскі і ўдзельнічаць у супольных вучэннях. Пашынян заяўляў, што наступным лагічным крокам стане выхад з арганізацыі. У чэрвені 2025 года гэтую пагрозу паўтарыла МЗС, запатрабаваўшы ад хаўруснікаў, у тым ліку Расеі, выразнай палітычнай пазіцыі з нагоды дзеянняў Азербайджана трохгадовай даўнасці.
Ерэван звяртаўся да АДКБ у 2022-2023 гадах праз эскалацыю канфлікту з Баку, але дапамогі не атрымаў. Масква абмежавалася толькі выражэннем «занепакоенасці» і «спачуваннямі». У выніку Азербайджан увёў войскі ў Нагорны Карабах. Непрызнаная Рэспубліка, якая існавала з распаду СССР, самараспусцілася 1 студзеня 2024 года, рэгіён былі вымушаныя пакінуць больш за 100 тысяч армян.
Пашынян наракаў, што Арменія ўступіла ў «Саюз-пузыр», і падкрэсліваў, што АДКБ павінна пазначыць межы суверэннай тэрыторыі краіны, якія гатовая абараняць, інакш пазбавіцца адзінага чальца на Каўказе. Пасля ён абвінаваціў дзвюх удзельніц блока, уключаючы Беларусь, у дапамозе Азербайджану падчас баявых дзеянняў у Нагорным Карабаху ў 2020 годзе, назваў АДКБ пагрозай нацыянальнай бяспецы і заявіў пра «пункт незвароту» ў дачыненнях з арганізацыяй, у якой знаходзіцца з моманту заснавання ў траўні 1992 года.