Азербайджан затрымаў двух супрацоўнікаў ФСБ РФ
- 30.06.2025, 15:06
Яны працавалі ў офісе агенцтва «Sputnik Азербайджан».
У ходзе аперацыі, праведзенай паліцыяй Азербайджана ў офісе агенцтва "Sputnik" (Бакінскае аддзяленне расейскага МІА "Расея сёння"), ёсць затрыманыя.
Паводле інфармацыі, атрыманай выданнем 1news.az, падчас аперацый затрыманыя двое супрацоўнікаў Федэральнай службы бяспекі (ФСБ) Расеі, якія працуюць у гэтым агенцтве.
Нагадаем, з сённяшняй раніцы МУС Азербайджана праводзіць аперацыю ў бакінскім офісе "Sputnik Азербайджан".
Прадстаўнік МЗС Азербайджана Айхан Гаджызадэ 24 лютага 2025 г. казаў, што “Sputnik Азербайджан” ліквідавалі, а медыя можа атрымаць акрэдытацыю на працу аднаго карэспандэнта. Report піша, што нягледзячы на гэта, "сталася, што агенцтва працягвала працаваць, а яго супрацоўнікі выходзяць на працу".
Баку вырашыў скараціць колькасць супрацоўнікаў "Sputnik Азербайджан" з 40 да аднаго з мэтай "аднаўлення балансу ва ўмовах, у якіх працуюць азербайджанскія дзяржаўныя выданні за мяжой, і замежныя журналісты" ў Баку.
Адносіны паміж Азербайджанам і Расеяй абвастрыліся пасля таго, як 27 чэрвеня ў Екацярынбургу затрымалі больш за 50 чалавек азербайджанскага паходжання. Падчас затрымання загінулі сама меней два чалавекі. Баку запатрабаваў прыцягнуць вінаватых да адказнасці, а МЗС Азербайджана выказаў расейскаму амбасадару "рашучы пратэст". Прадстаўніца расейскага МЗС Марыя Захарава пасля гэтага сказала, што затрыманыя - грамадзяне Расеі.
На гэтым фоне парламенцкая дэлегацыя Азербайджана вырашыла не ўдзельнічаць у пасяджэнні камісіі Мілі меджліса рэспублікі і Федэральнага сходу Расеі ў міжпарламенцкім супрацоўніцтве, а Мінкультуры Азербайджана адмяніла ўсе сумесныя культурныя мерапрыемствы, запланаваныя ў Азербайджане расейскімі дзяржаўнымі і прыватнымі ўстановамі.