У Віцебску спусцілі на ваду незвычайны карабель
- 30.06.2025, 17:35
Чым ён будзе займацца?
У Віцебску спусцілі на ваду новае тэхнічнае судна - цеплаход “Дзвінск”. Карабель пабудавалі на прадпрыемстве "Віцебсквадтранс", піша газета "Віцьбічы", адзначаючы, што "падзея як мінімум неардынарная". Справа ў тым, што караблі ў Беларусі будуюць рэдка і не ў Віцебску.
Цеплаход "Дзвінск" спусцілі на ваду ў рачным порце Віцебска 29 чэрвеня. Урачыстую цырымонію правялі з традыцыйным рытуалам - аб насавую частку карабля разбілі бутэльку шампанскага. “Ружачка” ад бутэлькі застанецца на караблі як талісман.
“Дзвінск” - гэта тэхнічнае судна. Карабель прызначаны для забеспячэння бяспекі руху па ўнутраных водных шляхах. Яго каманда будзе адсочваць суднаходную абстаноўку, рэгулярна вымяраць глыбіню, чысціць фарватэр, абслугоўваць знакі навігацыйнай абстаноўкі на рацэ. Экіпаж будзе працаваць вахтавым метадам.
Як адзначыў кіраўнік "Віцебсквадтранса" Анатоль Лявонаў, "праект рэалізавалі з нуля". Паводле яго слоў, усё ўдалося зрабіць выключна дзякуючы згуртаванаму калектыву. Раней рачнікам даводзілася туліцца на невялікім катары, дзе былі спартанскія ўмовы працы.. Цяпер ёсць чатыры каюты, камбуз, санвузел, лазенка, бытавая тэхніка і ацяпленне.
«На судне мы ўсталявалі новы гідраманіпулятар, што дазволіць цалкам механізаваць абслугоўванне навігацыйных знакаў на рацэ. Цеплаход мае сучасны рэхалот з вывадам інфармацыі на манітор кампутара», - распавёў Лявонаў.
Бо судна новае, то адных дакументаў неабходна было аформіць без малога два важкія стосы. Прыёма-здатачны акт падпісалі 26 чэрвеня пасля чатырох дзён іспытаў.
Карабель назвалі ў гонар парахода "Дзвінск" (так у царскай Расеі называўся сучасны Даўгаўпілс у Латвіі) 1894 года пабудовы, які патапілі ў гады Другой святовай вайны, а потым паднялі ў 1945-м. Судна служыла да 1956-га. Капітанам новага судна будзе Ігар Іваноў з амаль 40 гадамі стажу механіка. У экіпажы яшчэ і два матарысты.