BE RU EN

Археолагі раскапалі загадкавы ўваход у Заслаўскі замак

  • 1.07.2025, 7:57

Фотафакт.

Магчымы ўваход у падземны ход на Заслаўскім замку ў панядзелак адчыніўся археолагам, паведаміў тэлеграм-канал Інстытута гісторыі.

Навукоўцы Інстытута гісторыі НАН Беларусі сумесна з Менскім аблвыканкамам, Заслаўскім гарвыканкамам і іншымі зацікаўленымі ўжо амаль месяц вядуць раскопкі пад кіраўніцтвам Івана Спірына.

Нягледзячы на частыя дажджы, праца па раскрыцці падземнага ходу ў старажытным насыпе Заслаўя працягвалася.

Раней паведамлялася, што на тэрыторыі Заслаўскага замка распачаліся вялікія археалагічныя раскопкі. Адна з заяўленых мэтаў - вывучыць загадкавы падземны ход, які быў знойдзены яшчэ ў 1970-х гадах, але дагэтуль не даследаваны.

Гэты ход упершыню знайшоў яшчэ ў савецкія часы археолаг Георгій Штыхаў. Тады яго часткова расчысцілі: шырыня ходу складае амаль 80 сантыметраў, вышыня - блізу 1 метр 20 сантыметраў. Аднак адна са сцен была пашкоджаная, таму далейшыя даследаванні спынілі.

Цяпер каманда археолагаў, валанцёраў і студэнтаў імкнецца высветліць, якое было прызначэнне гэтага падземнага ходу. Як растлумачыў Іван Спірын, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, ход можа быць як падземным калідорам, так і дрэнажнай сістэмай або сакрэтным лазам.

Даследаванні праходзяць на заходняй частцы замка — каля замкавай брамы XVI стагоддзя, праз якую раней у яе ўваходзілі княжыя дружыны і купецкія караваны. Плануецца завяршыць работу да канца чэрвеня, але тэрміны могуць ссунуцца праз надвор'е або знаходкі.

Калі атрымаецца сапраўды вызначыць прызначэнне падземнага ходу і ўмовы дазволяць, гэты аб'ект можа стаць адчыненым для наведвальнікаў.

Заслаўскі замак быў пабудаваны ў XVI стагоддзі. Зараз на яго месцы захаваліся Спаса-Праабражэнская царква, руіны замкавай брамы, валы і равы.

Апошнія навіны