Daily Express: Хаос у расейскай эканоміцы
- 1.07.2025, 11:38
Пуцін адчайна спрабуе зменшыць інфляцыю.
Пуцін спадзяецца на зніжэнне інфляцыі ў краіне да 7% у 2025 годзе, нягледзячы на несуцяшальны прагноз Цэнтральнага банка Расеі. Аб гэтым ён заявіў 20 чэрвеня падчас пленарнага пасяджэння Пецярбуржскага міжнароднага эканамічнага форуму (ПМЭФ), піша Daily Express (пераклад – сайт Charter97.org).
"Цэнтральны банк і ўрад агучылі неабходныя намаганні", – адзначыў Пуцін. Паводле звестак "Інтэрфакса", гадавая інфляцыя на 16 чэрвеня склала 9,6%. Нягледзячы на гэта, афіцыйная мэта рэгулятара застаецца 4%.
У Банку Расеі тлумачаць такую палітыку тым, што інфляцыя вышэй за 4% ужо прыкметная для грамадзян і бізнэсу, а больш высокія ўзроўні выклікаюць нестабільнасць коштаў. Тым не менш, гэта выклікае крытыку з боку іншых прадстаўнікоў улады.
Кіраўнік Мінэканамразвіцця Максім Рашэтнікаў заявіў: "Мне здаецца, паміж полюсамі "4% ці як у Турцыі" ёсць прастора для абмеркавання. Я за тое, каб разам з верай у 4% была хоць кропля любові да эканомікі".
Крытыка прагучала і ад кіраўніка ВТБ Андрэя Косціна: "Інфляцыя ў 40% - гэта дрэнна, але калі яна ў межах 10%, я думаю, гэта проста выдатна".
Такім чынам, у расейскім эканамічным блоку расце напружанне паміж прыхільнікамі жорсткай антыінфляцыйнай палітыкі і тымі, хто заклікае засяродзіцца на росце эканомікі.