BILD: Летні наступ Пуціна вычарпаўся
- 1.07.2025, 12:28
Расейскія падраздзяленні страцілі арганізаванасць.
Расейскі летні наступ на ўсходзе Украіны зайшоў у тупік - вайсковая групоўка, якая пагражала Сумам, спынілася, а спробы прасунуцца на іншых кірунках правальваюцца. На думку экспэртаў, расейскія падраздзяленні страцілі арганізаванасць і дзейнічаюць без эфектыўнага камандавання. Вайсковыя манеўры з абодвух бакоў ужо немагчымыя, што ператварае вайну ў пазіцыйнае супрацьстаянне.
Менш чым два тыдні таму крамлёўскі лідар Уладзімір Пуцін заявіў са сцэны форуму ў Санкт-Пецярбургу, што не выключае захопу горада Сумы расейскім войскам. Праз некалькі дзён гетман УСУ Аляксандр Сырскі абвясціў, што, мабыць, гэтага не адбудзецца - таму што «хваля варожага летняга наступу» сышла на нішто. Войскі Пуціна былі спыненыя, піша BILD.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) пацвярджае гэта: расейская вайсковая групоўка колькасцю амаль 50 тысяч салдат і афіцэраў знаходзіцца прыкладна за 19 км ад Сум, аднак тэмп яе наступлення замарудзіўся.
Не ўдаецца рушыць наперад расейскім войскам і ў раёне Канстанцінаўкі - да гэтага стратэгічна важнага горада, размешчанага паміж Краматорскам і Пакроўскім, яны спрабуюць падступіцца тыднямі, але дарма.
Адна з прычын няўдач расейскага войска - недахоп камандзіраў і ўзаемадзеяння асобных падраздзяленняў. Уплывае гібель занадта вялікай колькасці афіцэраў.
Экспэрт у пытаннях бяспекі і палітолаг Крысціян Мелінг тлумачыць:
- Гэта ўжо нават не батальёны, а зусім маленькія падраздзяленні, якія не навучаны ўзаемадзейнічаць - па сутнасці, натоўпы, якія, праўда, не ваююць з віламі, як у Сярэднявечча, але і не ўяўляюць сабой класічных вайсковых фармаванняў».
Са слоў Мелінга, казаць пра наступ у звычайным разуменні ўжо не выпадае:
«Ні ўкраінскія, ні расейскія войскі больш не здольныя праводзіць буйныя, скаардынаваныя вайсковыя манеўры».
Па гэтай прычыне скаардынаваныя аперацыі наземных сіл і ВПС больш не праводзяцца, а без іх фронт наўрад ці істотна ссунецца. Магчыма, менавіта таму ў апошнія тыдні Пуцін узмацніў абстрэлы ўкраінскіх гарадоў.
«Гэта, фактычна, праява бездапаможнасці. Калі на фронце не ўдаецца прасунуцца, то робіцца стаўка на ціск на палітычнае кіраўніцтва праз дэмаралізацыю насельніцтва».
Пакуль што, аднак, гэты план не працуе, кажа Мелінг, і з вельмі простай прычыны - украінцы не вераць, што саступкі Крамлю прывядуць да нечага лепшага.