Буйны расейскі сервіс перастаў дастаўляць пасылкі ў Беларусь
- 1.07.2025, 14:31
Boxberry адпраўляў пасылкі ў 115 гарадоў.
Расейская служба Boxberry з 11 чэрвеня спыніла дастаўку пасылак з Расеі ў Беларусь і Казахстан. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Infotrans.
Раней сэрвіс адпраўляў пасылкі з Расеі ў 115 гарадоў Беларусі, а кур'ерская дастаўка была магчымая ў 12 тыс. населеных пунктаў нашай краіны.
Аднак з 11 чэрвеня аформіць дастаўку можна толькі па Расеі. Пры гэтым усе пасылкі, якія будуць у дарозе на момант закрыцця, збіраюцца даставіць адрасатам ва ўстаноўленыя тэрміны. Звароты таксама абяцаюць апрацаваць у поўным аб'ёме. Пакуль не паведамляецца, ці адновяць адпраўку пасылак у Беларусь і Казахстан.
У красавіку расейскі сэрвіс дастаўкі Boxberry купіла кампанія "Яндэкс". Планавалася, што працэс тэхнічнай і аперацыйнай інтэграцыі дзвюх кампаній завершыцца напрыканцы гэтага года.