BE RU EN

Азербайджан затрымаў дзве расейскія злачынныя групоўкі

  • 1.07.2025, 14:54

Іх падазраюць у транзіце наркотыкаў.

Супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў Азербайджана затрымалі ў Баку дзве арганізаваныя злачынныя групоўкі, у склад якіх уваходзілі грамадзяне Расеі.

Як паведамляе haqqin.az, іх падазраюць у транзіце наркатычных рэчываў з Ірана, распаўсюджванні наркотыкаў цераз інтэрнэт, а таксама ў здзяйсненні кібермахлярства.

Паводле фактаў супрацьпраўных дзеянняў, учыненых грамадзянамі Расеі, працягваюцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы.

Нагадаем, раней Баку затрымаў траіх расейскіх прапагандыстаў.

Адносіны паміж Азербайджанам і Расеяй абвастрыліся пасля таго, як 27 чэрвеня ў Екацярынбурзе затрымалі больш за 50 чалавек азербайджанскага паходжання. Падчас затрымання загінулі два чалавекі. Баку запатрабаваў прыцягнуць вінаватых да адказнасці, а МЗС Азербайджана выказаў расейскаму амбасадару "рашучы пратэст". Прадстаўніца расейскага МЗС Марыя Захарава пасля гэтага сказала, што затрыманыя - грамадзяне Расеі.

Праз гэта парламенцкая дэлегацыя Азербайджана вырашыла не ўдзельнічаць у пасяджэнні камісіі Мілі меджліса рэспублікі і Федэральнага сходу Расеі ў міжпарламенцкім супрацоўніцтве, а Мінкультуры Азербайджана адмяніла ўсе сумесныя культурныя мерапрыемствы, запланаваныя ў Азербайджане расейскімі дзяржаўнымі і прыватнымі ўстановамі.

Апошнія навіны