Арменія абрывае сувязі з Крамлём
- 1.07.2025, 16:31
Напружанне паміж Масквой і Ерэванам нарастае.
Напружанне паміж Масквой і Ерэванам нарастае. Улады Арменіі сур'ёзна задумаліся аб тым, каб адключыць у краіне прапагандысцкія рэсурсы Крамля.
З такой ідэяй публічна выступіў старшыня Нацыянальнага сходу Арменіі Ален Сіманян.
Чыноўнік выказаўся за спыненне трансляцыі расейскіх дзяржаўных тэлеканалаў у рэспубліцы. Ён акцэнтаваў, што эфіры расейскіх перадач ужо шкодзяць двухбаковым адносінам. Сіманян рэзка ахарактарызаваў расейскіх вядучых як "дэгенератаў" і "манкуртаў".
Паводле яго слоў, пры адсутнасці павагі да ўнутранага суверэнітэту Арменіі мае сэнс абмежаванне доступу такіх каналаў у дамы грамадзян.
"Калі іх дзяржаўныя тэлеканалы дазваляюць сабе ўмешвацца ва ўнутраныя справы Арменіі, можа, і мы павінны закрыць іх доступ у кватэры нашых грамадзян", — заявіў Сіманян.
Канфлікт паміж Масквой і Ерэванам абвастрыўся на фоне справы Самвела Карапецяна - расейскага бізнэсоўца армянскага паходжання.
Нядаўна ён быў арыштаваны паводле абвінавачання ў закліках да гвалтоўнага захопу ўлады.
Гэты арышт выклікаў сур'ёзны палітычны рэзананс. Адразу пасля арышту рушыла ўслед нацыяналізацыя энэргетычнай кампаніі, якая знаходзіцца пад кантролем Карапецяна.
Масква вельмі балюча адрэагавала на арышт свайго чалавека ў Арменіі. Фактычна Ерэван пачаў працэс разрыву залежных адносін з Крамлём, што ўладам РФ вельмі не падабаецца.