BBC: Ці можа ШІ адрадзіць мову, якая памірае?
- 1.07.2025, 18:14
Даследнікі выкарыстоўваюць тэхналогіі для апрацоўкі старых аўдыязапісаў на мове айну.
Мова айну, некалі распаўсюджаная сярод карэннага народа на поўначы Японіі, знаходзіцца на мяжы знікнення. Сёння яе актыўна спрабуюць выратаваць – у тым ліку з дапамогай штучнага інтэлекту, піша BBC (пераклад – сайт Charter97.org).
Пасля ўключэння вострава Хакайда ў склад Японіі ў 1870 годзе ўлады праводзілі палітыку асіміляцыі, забараняючы мову айну ў школах. Да 1917 года колькасць носьбітаў скарацілася з 15000 да 350 чалавек. Цяпер, паводле ацэнак ЮНЕСКА, айну – мова, якая знікае.
Нягледзячы на гэта, мова перажывае адраджэнне. У 2019 годзе Японія афіцыйна прызнала айну карэнным народам, а даследнікі пачалі выкарыстоўваць ШІ для апрацоўкі старых аўдыязапісаў паданняў і аповедаў на айну.
Каманда прафесара інфарматыкі Татсуі Кавахары з Універсітэта Кіёта навучае нейрасеці распазнаваць і сінтэзаваць маўленне на мове айну, выкарыстоўваючы сотні гадзінаў запісаў, зробленых з 1970-х гадоў. Ужо створаная сістэма, здольная агучваць тэксты ў стылі рэальных апавядальнікаў – напрыклад, «Гісторыю пра мядзведзя» і «Сястру Райдзіна».
Даследнікі спадзяюцца, што ШІ дапаможа навучаць новых носьбітаў, але падкрэсліваюць: тэхналогія не заменіць жывой мовы – яна можа толькі яе падтрымаць.