У крамах Беларусі ўвялі новую сістэму з QR-кодамі
- 1.07.2025, 18:23
Як на гэта адрэагавалі пакупнікі і прадаўцы.
З 1 ліпеня ў крамах Беларусі пачало дзейнічаць новаўвядзенне – цяпер на таварах, акрамя штрыхкода, трэба сканаваць QR-код. Многія пакупнікі і супрацоўнікі гандлю сустрэлі гэтую змену крытыкай, паведамляе «Люстэрка».
Што змянілася
На шэрагу прадукцыі ў Беларусі ўвялі сістэму QR-кодаў (так званы DataMatrix) – свайго роду «пашпарты» кожнага тавару. Сцвярджаецца, што яны неабходныя для магчымасці адсочвання ўсёй інфармацыі аб прадукцыі і вытворцах, а таксама для барацьбы з кантрафактам.
У сувязі з гэтым гандаль абавязалі замяніць усё касавае абсталяванне, а многія крамы пачалі ўводзіць навінку яшчэ да ліпеня.
У перспектыве QR-коды з'явяцца на ўсіх таварах. Пры гэтым, калі зыходзіць з досведу Расеі, дзе такая сістэма ўжо дзейнічае, верагодна, да таго часу сканаваць штрыхкоды будзе не трэба. Тады сістэма стане прасцейшай. Аднак не такой, да якой мы ўжо абвыклі, калі можна было паказваць колькасць аднолькавай прадукцыі для паскарэння працэсу сканавання пакупак. Гэта неўнікнёна павялічвае час абслугоўвання пакупнікоў.
Высветлілася, як у пакупнікоў, так і ў прадаўцоў часам навінка выклікае пытанні.
Што кажуць пакупнікі
У адным з відэа ў TikTok паказалі, як новая сістэма працуе, калі ў пакупніка шмат аднолькавага тавару. Напрыклад, пакупнік бярэ вялікую колькасць аднолькавага газаванага напою. Калі раней прадавец сканаваў штрыхкод і проста паказваў у касе колькасць прадукцыі, то цяпер ён прабівае абодва коды на кожнай бутэльцы. «Чарга? Не, не чулі», – жартуе аўтар роліка.
«Называецца, спрасцілі працу касірам», – пракаментавала адна з карыстальніцаў. «Бедныя касіры, і так шмат справаў на працы, а тут яшчэ пікай па сто разоў адзін тавар», – падтрымалі яе. «Усе кажуць пра касіраў, а ніхто не думае, што спецыялісты ў прыёмцы дакладна гэтак сама пакутуюць, і ў іх удзень куча машынаў, і аб'ёмы ў разы большыя, чым два пакаванні колы, і кожны тавар трэба пікнуць гэтак сама з qr-кодам», – падзяліўся меркаваннем яшчэ адзін.
Пад ролікам сеткі «Санта», дзе тлумачыцца, як працуе новая сістэма, некаторыя каментатары выказалі незадаволенасць:
«Гэта так нязручна, касы старыя і вельмі доўга счытваюць код».
«Можна ў крамы не хадзіць, чэргі праз усю краму будуць, што на касах самаабслугоўвання, што на звычайных. Хто закупляецца оптам, гэта жах».
Яшчэ адзін беларус спытаў у Instagram: «Як вам навінка?» І там таксама хапала незадаволеных. «Цяпер чэргі не толькі на звычайных касах, але і на самаабслугоўванні. Ужо не ведаеш, дзе хутчэй будзе», – напісалі яму ў адказ. «Хутка на касе: штрыхкод, QR-код, ПІН-код, ДНК-код, пароль-код», – пажартаваў адзін з каментатараў. Іншы беларус прызнаўся: «Тое пачуццё, калі прабіў тры пакеты прадуктаў, а потым трапіўся ёгурт без QR-кода. І супрацоўніка няма побач… Хочацца гэты ёгурт нагой падкінуць у малочны аддзел».
Але некаторыя не пагадзіліся з абурэннямі. «А што складанага ў гэтым? Проста замест аднаго штрыхкода цяпер яшчэ паднесці QR-марку да сканара. Не разумею панікі, сапраўды. І чэргі ў нас большыя не сталі», – заўважыла адна з карыстальніцаў сацсеткі. «Раней пры набыцці 10 марожанак прадавец пікнуў адну і ўвёў колькасць. Цяпер два разы пік-пік… І так кожную, 10 разоў», – адказалі ёй.
Што кажуць прадаўцы
У іншым роліку ў TikTok супрацоўніца гандлю прызналася, што цяпер уся незадаволенасць пакупнікоў выліваецца на касіраў. У каментарах яе калегі прызнаваліся, што і самі не ў захапленні ад новаўвядзення. «Кожны пакуначак корму з гэтым кодам [даводзіцца прабіваць]», – абурылася прадавачка ў каментарах і дадала, што пакупнікі думаюць, што яна іх аблічвае, два разы прабівае адзін і той тавар.
Вось такія меркаванні яшчэ выказалі каментатары:
«Я ўжо кажу: так, гэта асабіста я прыдумала, каб вы пакутавалі, вось мой бэйдж, П.І.І., тэлефануйце на гарачую, скардзьцеся».
«Я нават часам кайфую ад гэтага, навошта мне абслугоўваць 30 чалавек, калі можна спакойна абслугоўваць аднаго, за гэты час можна яшчэ і пабалбатаць, і адпачыць».
Высветлілася, што праблема не толькі ў прабіванні тавараў на касе – цяпер крамы скануюць больш адзінак тавару падчас прыёмкі. Гэта моцна павялічвае час працэдуры. «У нас толькі адну малочку прымалі 6 гадзінаў», – прызналася супрацоўніца галіны. Але іншы каментатар удакладніў: «Пры прыёмцы скануецца некалькі штук тавараў з партыі, якая прыйшла, не кожная штука. Напрыклад, дайшлі чатыры пакункі малака, трэба адсканаваць тры бутэлькі з розных пакункаў. Даўжэй, вядома, але хоць не кожную штучку. Інакш 300 упаковак колы прымалі б тыдзень».