BE RU EN

Тайвань будзе імітаваць кітайскае ўварванне

  • 1.07.2025, 19:10

На востраве пройдуць маштабныя ваенныя вучэнні

Тайвань правядзе маштабныя вучэнні для імітацыі кітайскага ўварвання. Пра гэта 1 ліпеня паведаміла агенцтва Reuters.

Штогадовыя вучэнні «Хань Куань» пачнуцца 9 ліпеня і прадоўжацца 10 дзён. У вучэннях, беспрэцэдэнтных у даўжыні і маштабе, будзе мабілізавана больш за 22 000 рэзервістаў.

Паводле словаў Тун Чжы-сіна, кіраўніка Супольнага дэпартамента баявога планавання Міністэрства абароны, сцэнарыі вучэнняў уключаюць «супольную агнявую атаку і пераход мора дэсантнай групай Камуністычнага войска», а ўзброеныя сілы Тайваня будуць адпрацоўваць пабудову «ўдарнага ланцуга» з выкарыстаннем высокадакладных атак з мора і паветра.

Прэзідэнт Кітайскай Рэспублікі Лай Ціндэ заявіў, што ў апошнія гады Тайвань увесь час рыхтаваўся да «вайны без дыму ад зброі», напрыклад да кітайскай інфільтрацыі і дэзынфармацыйных атак.

Управа ў справах Тайваня Кітайскай Народнай Рэспублікі сітуацыю не каментавала.

У траўні газета Financial Times напісала, што кітайскае войска можа атакаваць Тайвань у любы момант.

Апошнія навіны