ЗША афіцыйна закрылі праграмы USAID
- 1.07.2025, 20:09
Частка функцый Агенцтва ЗША ў міжнародным развіцці перададзеная Дзярждэпартаменту.
Адміністрацыя ЗША ў аўторак, 1 ліпеня, афіцыйна закрыла Агенцтва міжнароднага развіцця (USAID). Дзяржсакратар Марка Рубіё патлумачыў гэтую пастанову Белага дому меркаванай неэфектыўнасцю працы агенцтва, а таксама тым, што прыярытэтамі цяперашняй адміністрацыі з'яўляецца рэалізацыя нацыянальных інтарэсаў ЗША.
Паводле словаў Рубіа, адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа прааналізавала выдаткі USAID на тысячы праграмаў і высветліла, што за дзесяцігоддзі існавання яно выдаткавала – з папраўкай на інфляцыю – больш за 715 млрд даляраў. Пры гэтым дзяржсакратар ЗША назваў відавочным, што пастаўленых мэтаў развіцця дасягнуць не атрымалася.
Марка Рубіа абвінаваціў краіны, якія атрымлівалі больш за ўсё дапамогі праз USAID, у адмове ад узаемных дзеянняў. Напрыклад, краіны Афрыкі на поўдзень ад Сахары, якія атрымалі з 1991 года 165 млрд даляраў, толькі ў 29% выпадкаў падтрымлівалі ЗША пры галасаванні ў важных рэзалюцыях у ААН, указаў Рубіа, заявіўшы пра заканчэнне «гэтай эпохі неэфектыўнасці, санкцыянаванай уладамі».
Частку функцый USAID перададуць Дзярждэпартаменту ЗША, які будзе выконваць іх «з большай падсправаздачнасцю, стратэгіяй і эфектыўнасцю», указаў далей Марка Рубіа. Новая мадэль падтрымкі трэціх краінаў будзе заснаваная на прынцыпе «гандаль замест дапамогі», заявіў далей Рубіё. Паводле ягоных словаў, краіны ў стадыі развіцця аддаюць перавагу інвестыцыям, якія дазволяць ім устойліва расці, а не заступніцтву, якое прадаўжаецца дзесяцігоддзямі.
«Надалей нашая дапамога будзе адраснай і абмежаванай у часе. Мы будзем аддаваць перавагу тым краінам, якія прадэманстравалі як здольнасць, так і гатоўнасць дапамагчы сабе, і накіруем рэсурсы ў тыя сферы, дзе яны могуць мець множны эфект», – адзначыў кіраўнік Дзярждэпартамента ЗША.