Пуцін упершыню за тры гады стэлефанаваўся з Макронам
- 1.07.2025, 20:20
Што абмяркоўвалі.
Уладзімір Пуцін правёў тэлефонныя перамовы з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам. Пра гэта паведаміла прэс-служба Крамля, не раскрываючы, хто выступіў ініцыятарам дыялогу. Для лідараў дзвюх краінаў гэта першы прамы кантакт з верасня 2022 года.
Кіраўнікі дзяржаваў абмеркавалі сітуацыю на Блізкім Усходзе пасля абвастрэння канфлікту паміж Іранам і Ізраілем і амерыканскіх удараў па іранскіх ядзерных аб'ектах. Паводле звестак Крамля, Пуцін і Макрон падкрэслілі важнасць павагі «законнага права Тэгерана» на развіццё мірнага атама і прадаўжэнне выканання ім абавязальніцтваў у Дамове аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, уключаючы супрацоўніцтва з МАГАТЭ.
Таксама бакі закранулі вайну ва Украіне: Пуцін чарговы раз назваў узброены канфлікт «прамым вынікам палітыкі заходніх дзяржаваў», якія «цягам многіх гадоў» нібыта ігнаравалі інтарэсы бяспекі Расеі, стваралі ва Украіне «антырасейскі плацдарм» і «патуралі парушэнням правоў расейскамоўных жыхароў». Акрамя таго, Пуцін абвінаваціў Захад у «задоўжванні баявых дзеянняў» праз «падсілкоўванне кіеўскага рэжыму рознымі сучаснымі ўзбраеннямі». Гаворачы пра перспектывы мірнага ўрэгулявання ва Украіне, Уладзімір Пуцін «пацвердзіў прынцыповыя падыходы да магчымых дамоўленасцяў», якія, на ягоную думку, павінны прадугледжваць «ліквідацыю першапрычынаў украінскага крызісу» і абапірацца на «новыя тэрытарыяльныя рэаліі».
Як, у сваю чаргу, паведамляе Le Monde са спасылкай на Елісейскі палац, Эмануэль Макрон падчас тэлефоннай гутаркі зноў пацвердзіў нязменную прыхільнасць Францыі да суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, адначасова заклікаўшы Пуціна да неадкладнага спынення баявых дзеянняў.
Апошні раз Пуцін размаўляў праз тэлефон з Макронам 11 верасня 2022 года. Тады размова адбылася з ініцыятывы французскага боку. У ходзе перамоваў, як паведамлялі ў Крамлі, быў праведзены «падрабязны і адкрыты абмен думкамі» пра сітуацыю ва Украіне з «упорам на пытанні бяспекі» Запарожскай атамнай электрастанцыі. Таксама кіраўнікі дзяржаваў закранулі тэму глабальнай харчовай бяспекі. Сярод іншага, Пуцін пацвердзіў пазіцыю Масквы, што збожжа, якое вывозіцца з чарнаморскіх партоў, павінна накіроўвацца перш за ўсё на патрэбы краінаў, якія развіваюцца.