BE RU EN

Трамп і Маск ізноў пасварыліся

  • 1.07.2025, 20:50

Прэзідэнт ЗША і бізнэсмэн абмяняліся рэзкімі каментарамі.

Бізнэсмэн Ілан Маск прыгразіў стварыць Амерыканскую партыю ў выпадку, калі кангрэс прыме законапраект аб падатковых ільготах, які прэзідэнт ЗША Дональд Трамп называе «вялікім цуоўным законам» (The Big Beautiful Bill).

«Калі гэты шалёны законапраект аб выдатках будзе прыняты, на наступны дзень будзе створаная Амерыканская партыя. Нашай краіне патрэбная альтэрнатыва аднапартыйнай сістэме дэмакратаў і рэспубліканцаў, каб народ сапраўды мог ГАЛАСАВАЦЬ», – напісаў Маск у сацсетцы X у ноч на 1 ліпеня (аўтарскае напісанне захаванае).

Незадоўга да гэтага бізнэсмэн заявіў, што кангрэсмэны, якія падтрымаюць законапраект аб падатковых ільготах, пацерпяць паразу на праймерыз у 2026 годзе, «нават калі гэта будзе апошняе, што я зраблю на гэтай Зямлі».

Пасля ягоных крытычных выказванняў Дональд Трамп прыгразіў пазбавіць Ілана Маска субсідый. Трамп напісаў у сацсетцы Truth Social, што выступае супраць поўнага пераходу на электрамабілі, і Маск ведаў пра гэта, калі падтрымаў яго перад выбарамі.

Электрамабілі – гэта добра, але не ўсіх трэба прымушаць іх набываць. Ілан, магчыма, атрымлівае больш субсідый, чым хто-небудзь у гісторыі, і без іх яму, верагодна, давялося б зачыніць сваю лавачку і вярнуцца дадому, у Паўднёвую Афрыку.

На думку Трампа, калі ЗША не стануць падтрымліваць запускі ракетаў і спадарожнікаў або вытворчасць электрамабіляў, то краіна зэканоміць «кучу грошай». Прэзідэнт ЗША прапанаваў дэпартаменту дзяржаўнай эфектыўнасці (DOGE), які да нядаўняга часу ўзначальваў Маск, «добра прыгледзецца» да таго, каб пазбавіць бізнэсмэна субсідый.

Тэлеканал CNN мяркуе, што заява Ілана Маска – самая сур'ёзная палітычная пагроза, якую ён выказаў пасля таго, як сышоў з адміністрацыі прэзідэнта ЗША ў канцы траўня. Як адзначае The New York Times, Маск – найбуйнейшы донар Рэспубліканскай партыі ў ЗША. Бізнэсмэн пачаў падтрымліваць партыю ў 2022 годзе, робячы значныя публічныя ахвяраванні на карысць рэспубліканцаў.

Ілан Маск і Дональд Трамп ужо канфліктавалі праз «вялікі цудоўны закон» у пачатку чэрвеня. Тады Маск называў законапраект «агідным вычварэннем». Трамп у адказ прыгразіў пакінуць бізнэсмэна без субсідый. 10 чэрвеня Маск публічна папрасіў прабачэння, заявіўшы, што «шкадуе» аб «некаторых» сваіх пастах на адрас Трампа. Паводле інфармацыі The Wall Street Journal, Маск спыніў публічную сварку пасля таго, як яму патэлефанаваў віцэ-прэзідэнт Джэй Ды Вэнс.

Апошнія навіны