Bloomberg: Саудаўская Аравія ставіць «падножку» Пуціну
- 1.07.2025, 21:13
Эр-Рыяд залівае рынак нафтай.
Эр-Рыяд павялічвае экспарт нафты, імкнучыся вярнуць страчаныя пазіцыі на глабальным рынку.
Пра гэта піша выданне Bloomberg.
У чэрвені каралеўства нарасціла экспарт нафты прыкладна на 441 тысячу бараляў за дзень – на 7% больш у параўнанні з траўнем. Агульны аб'ём паставак дасягнуў 6,36 мільёна бараляў за дзень – гэта максімум за апошнія 13 месяцаў.
Гэты крок выглядае асабліва паказальна на фоне таго, што цяпер у краіне традыцыйна расце попыт на паліва для працы кандыцыянераў і апрасняльнікаў вады – тэмпература ў Эр-Рыядзе перавышае 40 градусаў. Нягледзячы на гэта, улады Саудаўскай Аравіі прадаўжаюць павялічваць адгрузкі на знешнія рынкі.
Экспарт ідзе праз Фарсі заліў і Армузскі праліў, стратэгічна важны маршрут, які захоўвае стабільнасць, нягледзячы на наступствы іранска-ізраільскага канфлікту.
Рост паставак ідзе з апярэджаннем афіцыйных квотаў у рамках пагаднення АПЕ+, удзельнікі якога ўжо ўзгаднілі павелічэнне здабычы на 411000 бараляў за дзень на травень, чэрвень і ліпень. Саудаўскай Аравіі дазволена дадаваць 167000 бараляў штомесяц, але цяперашнія аб'ёмы кажуць пра значна больш агрэсіўную стратэгію.
Цяпер кааліцыя разглядае магчымасць далейшага павышэння квотаў на жнівень. Міністры абмяркуюць гэтую пастанову ў найбліжэйшую нядзелю ў фармаце відэаканферэнцыі.
Цікава, што экспартны ўсплёск супаў з часовым паслабленнем напружанасці паміж Іранам і Ізраілем – кошты нафты знізіліся да 67 даляраў за бараль, а за апошні тыдзень у Лондане ф'ючэрсы патаннелі на 12%.
Саудаўская Аравія, здаецца, пайшла насустрач амерыканскім інтарэсам і зніжае кошт бараляў. У чэрвені, паводле ацэнак аналітыкаў, з партоў краіны ў Персідскім заліве і на Чырвоным моры выправілася блізу 190 мільёнаў бараляў нафты.
Тым часам унутранае спажыванне нафты ў Саудаўскай Аравіі таксама істотна вырасла. Паводле звестак Joint Organizations Data Initiative, за цёплы перыяд яно павялічылася прыкладна на 600 тысячаў бараляў за дзень у параўнанні з зімовымі месяцамі. Са студзеня да красавіка спажыванне вырасла на 100 тысячаў бараляў за дзень.
Пастанова Эр-Рыяда адкрыць нафтавы кран стала нечаканасцю для рынкаў. Улады тлумачаць гэта імкненнем вярнуць рыначную дзель, якую яны страцілі ў апошнія гады праз канкурэнцыі з вытворцамі сланцавай нафты ў ЗША і іншымі пастаўшчыкамі.
Такім чынам, Саудаўская Аравія фактычна мяняе курс: ад ранейшай палітыкі стрымлівання здабычы – да агрэсіўнага вяртання на сусветны рынак. І робіць гэта ў той момант, калі нават мінімальныя ваганні на нафтавым фронце могуць істотна паўплываць на геапалітыку.
Патаннелая нафта становіцца сур'ёзным выклікам для Расеі, эканоміка якой крытычна залежыць ад сыравіннага экспарту. Пры цяперашніх коштах паступленні ў расейскі бюджэт адчувальна зніжаюцца, асабліва на фоне росту выдаткаў на вайну супраць Украіны. Фінансавая ўстойлівасць Масквы ўсё больш падрываецца, а рэзерваў, назапашаных у перадваенныя гады, становіцца недастаткова для кампенсавання бюджэтнага дэфіцыту.