Нямеччына пачала масавыя праверкі ценевых танкераў Расеі ў Балтыйскім моры
- 1.07.2025, 21:41
З 1 ліпеня.
Нямеччына ўвяла дадатковыя захады для супрацьдзеяння «ценеваму флоту» Расеі ў Балтыйскім моры, паведаміла Міністэрства замежных справаў ФРГ. З 1 ліпеня нямецкія ўлады пачалі патрабаваць ад танкераў, якія праходзяць, падаваць інфармацыю пра страхавое пакрыццё на выпадак шкоды ад забруджвання нафтай, паведамляе Reuters. У міністэрстве адзначылі, што гэтыя звесткі звычайна невядомыя, бо такія караблі ўнікаюць надзейных страхоўшчыкаў і еўрапейскіх партоў. «Наша мэта ясная: мы ўзмацняем ціск на расейскі ценевы флот і абараняем Балтыйскае мора», – заявіў кіраўнік МЗС Ёхан Вадэфуль.
У канцы сакавіка Нямеччына канфіскавала танкер, які перавозіў расейскую нафту ў абыход санкцый. Карабель Eventin 2006 года выпуску са 100 тысячамі тонаў сыравіны коштам 40 млн еўраў ішоў з Усць-Лугі пад сцягам Панамы. У сярэдзіне студзеня ён страціў ход ля берагоў Нямеччыны, пасля чаго яго адбуксавалі да порта Засніц. Высветлілася, што танкер быў няспраўны і ўяўляў пагрозу для экалогіі.
11 красавіка карабель з ценевага флоту Расеі затрымала Эстонія. На борце танкера Kiwala пад сцягам Джыбуці выявілі 40 парушэнняў. Яго адпусцілі 28 красавіка пасля іх ухілення. Эстонія зноў паспрабавала затрымаць танкер ценевага флоту ў Фінскім заліве 13 траўня, аднак тады Расея накіравала на дапамогу караблю пад назвай Jaguar знішчальнік Су-35, які рухаўся за ім да выспы Гогланд. Пасля гэтых інцыдэнтаў танкерам з нафтай пачалі вылучаць суправаджэнне ў выглядзе караблёў ВМФ РФ. Сярод іншага, іх заўважылі ў Фінскім заліве і ў праліве Ла-Манш.
Тым часам Данія размясціла ў Балтыйскім моры плыўныя беспілотныя апараты для ўзмацнення назірання на фоне росту пагрозы гібрыдных нападаў з боку Расеі, паколькі танкеры ценевага флоту выкарыстоўваюцца не толькі для абыходу санкцый – з іх дапамогай таксама вывучаецца і часам пашкоджваецца падводная інфраструктура: трубаправоды і кабелі сувязі. Дроны дазваляюць правяраць ідэнтыфікацыю караблёў і выяўляць іх незвычайныя перасоўванні, якія могуць паказваць на спробы здзяйснення дыверсій.
Расея пачала будаваць ценевы флот праз санкцыі на энэргарэсурсы, уведзеныя за вайну ва Украіне, набываючы старыя танкеры і рэгіструючы ў розных краінах фірмы, якія імі валодаюць і кіруюць. Паводле ацэнак Інстытута Брукінгса, у цяперашні момант ён налічвае 343 караблі. Агульны лік танкераў ценевага флоту пад абмежаваннямі ЗША, ЕЗ і Вялікай Брытаніі да чэрвеня дасягнуў 587.