BE RU EN

У жыхара Полацка знайшлі турэцкі рэвальвер

  • 10.07.2025, 10:07

Выявілася, ён выкарыстоўвае рэдкі патрон без пораху.

Жыхар Полацку захоўваў дома “прадмет, падобны да рэвальвера”. Мужчыну затрымалі, а даследаванне паказала, што зброя прыдатная для стральбы, паведамілі ў Дзяржкамітэце судовых экспертыз.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі 62-гадовага жыхара Полацку, які ў сваім доме захоўваў «прадмет, падобны да рэвальвера» з надпісам Made in Turkey.

Экспертыза паказала, што гэта спраўны гладкаствольны рэвальвер калібру 4 мм, прызначаны для стральбы патронамі Флабэра 4×7мм.

Патрон Флабэра - разнавіднасць патронаў кольцавага ўзгарання, у якіх практычна адсутнічае або цалкам адсутнічае парахавы зарад, а ролю кідальнага рэчыва выконвае капсульны склад. Такія патроны - гэта вельмі маламагутныя боепрыпасы з хуткасцю кулі як у сярэдніх пнеўматычных вінтовак.

Патроны Флабэра.
Фота: hunter.rozetka.com.ua

Паводле гэтага факту была распачатая крымінальная справа. Суд у Полацку ўжо вынес абвінаваўчы прысуд - пра падрабязнасці ў ДКСЭ не паведамілі.

Рэвальвер з незаконнага абарачэння канфіскаваны.

Апошнія навіны