У Літву з тэрыторыі Беларусі заляцеў лятальны сродак
- 10.07.2025, 12:47
Магчыма, гэта самаробны невялічкі самалёт.
У чацвер паведамлялася, што ў Літву з тэрыторыі Беларусі нібыта заляцеў робат «Шахед», аднак памежнікі ўдакладнілі, што гэта было нешта «падобнае на самаробны лятальны сродак», паведамляе LRT.
Блізу 11:30 гадзін памежнікі заставы Кена ў Віленскім раёне зафіксавалі, паводле папярэдніх звестак, лятальны сродак, падобны на самаробны невялічкі самалёт, які заляцеў з Беларусі і падае на зямлю, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы (VSAT).
Невялічкі самалёт упаў недалёка ад закрытага кантрольна-прапускнога пункта Шумскас, прыкладна за кіламетр ад мяжы з Беларуссю.
Паводле папярэдніх звестак, ён выраблены з фанеры і пенапласту.
Няма звестак, што гэты лятальны сродак перавозіў які-небудзь груз. Аб'ект небяспекі не ўяўляе. У апошні час VSAT нярэдка фіксуе выпадкі, калі з тэрыторыі Беларусі ў Літву спрабуюць перавозіць кантрабандныя цыгарэты з дапамогай дронаў, паветраных шароў, а таксама самаробных лятальных сродкаў.
Пагранічнікі праінфармавалі аб інцыдэнце адказную за кантроль паветранай прасторы ўстанову — Вайскова-паветраныя сілы.