Кітай адрэагаваў на арышт СБУ шпіёнаў, якія збіралі сакрэтныя звесткі пра ракеты «Няптун»
- 10.07.2025, 14:53
У МЗС краіны правяраюць звесткі аб затрыманні сваіх грамадзян.
Цяпер Кітай правярае інфармацыю аб арышце ва Украіне двух грамадзян КНР, якіх абвінавачваюць у шпіянажы. Пра гэта заявіла прэс-сакратарка міністэрства замежных спраў Кітая Маа Нін, перадае Newsweek.
Паводле яе слоў, "законныя правы і інтарэсы кітайскіх грамадзян павінны быць абароненыя" ў гэтым выпадку.
У Кітаі заяўляюць, што краіна не ўдзельнічае ў вайне і не пастаўляе зброю ніводнаму з бакоў, аднак падчас канфлікту ва Украіне КНР і Расея паглыбілі сваё стратэгічнае хаўрусніцтва, піша Newsweek.
Нагадаем, 9 ліпеня стала вядома, што СБУ затрымала кітайскіх шпіёнаў, якія спрабавалі нелегальна вывезці ў Кітай сакрэтную дакументацыю пра ўкраінскі ракетны комплекс РК-360МЦ "Няптун".