BE RU EN

Упершыню за тры месяцы зніклі чэргі на выездзе з Беларусі ў Польшчу.

  • 10.07.2025, 16:50

Але застаюцца ў зваротным кірунку.

Чарга легкавых аўтамабіляў на выезд з Беларусі ў Польшчу знікла ўпершыню амаль за тры месяцы. Паводле звестак Памежнага камітэта Беларусі а 14.00 (менскі час) 10 ліпеня ў чарзе няма ніводнай машыны, на мяжы чакае пяць аўтобусаў.

Такога не бачылі з трэцяй дэкады красавіка. На піку - у канцы чэрвеня - у электроннай чарзе адначасова было зарэгістравана амаль 2,5 тыс. машын, а час ад рэгістрацыі да выкліку ў зону чакання расцягваўся да 100 гадзін.

Турысты, якія перасякаюць беларуска-польскую мяжу 10 ліпеня, пацвярджаюць, што зараз працэс ідзе хутка.

«Адразу ж заехаў на пашпартны [кантроль]. З пашпартнага адразу на пустую нейтралку. Заехаў да палякаў, і перада мною была адна машына. Разам уся мяжа — 1 гадзіна 10 хвілін», — напісаў адзін з карыстальнікаў Telegram-чата «ГраницаBY Беларусь — ЕС» (тут і далей мы нязначна адкарэктавалі паведамленні для зручнасці чытання).

На ўезд з Польшчы ў Беларусь чарга захоўваецца. Удзельнікі чатаў дзеляцца, што прайсці мяжу займае ў іх ад 15 гадзін да амаль содняў і скардзяцца на тых, хто шчэміцца без чаргі.

«Ніхто ў гэтую паганую Еўропу не хоча, наадварот, усе палякі выстройваюцца ў чаргу, каб хоць неяк патрапіць у Беларусь», - іранізуе адзін з іх.

Апошнія навіны