Чаму адбыўся тэхнічны збой з банкаўскімі картамі
- 10.07.2025, 20:53
Версія ад Нацбанка.
Чаму адбыўся тэхнічны збой з банкаўскімі картамі, расказаў намеснік старшыні ўправы Нацыянальнага банка Андрэй Картун, паведамляе БелТА.
"Сапраўды, учора раніцай у сістэме адбыўся тэхнічны збой. Ён быў звязаны з чарговым планавым абнаўленнем сістэмы і закрануў пэўныя банкі. Многія маглі ўбачыць адмоўны баланс або нейкае спісанне грашовых сродкаў”, - сказаў Андрэй Картун.
Паводле ягоных слоў, сёння Нацыянальны банк адзначае, што дзеянні працаздольнай сістэмы цалкам адноўленыя. І ў тым ліку самі банкі інфармуюць, што выправілі ўсе памылкі.
"Грошы нікуды не зніклі. Ніхто іх не спісваў. Гэта не была вірусная атака або ўзлом, а пэўны тэхнічны збой пры чарговым абнаўленні сістэмы. Маглі пацярпець усе, у тым ліку супрацоўнікі Нацыянальнага банка, Беларускага міжбанкаўскага разліковага цэнтра і звычайныя грамадзяне”, — дадаў Андрэй Картун.
Нагадаем, раніцай 9 ліпеня кліенты некалькіх банкаў заўважылі, што з іх банкаўскіх карт былі спісаныя грошы. Супрацоўнікі кол-цэнтра "Беларусбанка" пацвердзілі, што сапраўды ўзнікла праблема, і запэўнілі, што яна будзе развязаная цягам дня.
Аднак у гэты тэрмін укласціся не ўдалося, і дэдлайн некалькі разоў пераносілі. У выніку збой ліквідавалі ўночы 10 ліпеня.