Зяленскі заявіў, што перамоў з Расеяй найбліжэйшым часам не будзе
- 11.07.2025, 10:24
Пуцін не хоча міру.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што паўнавартасныя перамовы паміж Кіевам, Масквой і Вашынгтонам магчымыя толькі пасля заканчэння абменаў, узгодненых на адноўленых перамовах у Стамбуле. «Мы павінны давесці да канца тое, пра што дамовіліся на другой сустрэчы. А менавіта - закончыць абмены, якія былі ўзгодненыя ў Стамбуле. І толькі пасля гэтага каманды могуць абмяркоўваць падрыхтоўку сустрэчы на ўзроўні лідараў. Прыкладна так, - сказаў Зяленскі падчас гутаркі з журналістамі ў Рыме, паведамляе «РБК-Україна».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што для рэальнага заканчэння вайны і дасягнення значных вынікаў у мірных перамовах неабходна рыхтаваць менавіта сустрэчу лідараў краін. «Як я ўжо казаў, мы адкрытыя да ўсялякага фармату. Безумоўна, фармат Украіна-Расея-ЗША на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў — самы пажаданы. За сталом павінны гучаць не толькі словы, але і канкрэтныя гарантыі», — падкрэсліў Зяленскі.
Ён адзначыў, што пакуль казаць пра канкрэтную пляцоўку для перамоў заўчасна. Пры гэтым прэзідэнт Украіны выказаў падзяку Ватыкану за гатоўнасць арганізаваць сустрэчу на сваёй тэрыторыі. Таксама, паводле ягоных слоў, прапановы аб правядзенні перамоў паступілі ад Аўстрыі, Швайцарыі і Турцыі.
Акрамя таго, Зяленскі зноў заявіў аб імкненні Уладзіміра Пуціна зацягнуць вайну. «Паводле звестак нашай выведкі і выведак партнёраў, у нас ёсць усе падставы меркаваць, што Расея мае намер зацягваць гэтую вайну. Пуцін адмаўляецца ад усіх магчымасцяў устанавіць сапраўднае замірэнне. Ён не хоча міру. Ён залежыць ад вайны і забойстваў, і яго можна спыніць толькі рэальнай сілай. Таму наша абарона павінна быць дастаткова магутнай», - падкрэсліў ён.
Прэзідэнт дадаў, што, паводле наяўных ва Украіны ацэнак, у наступным годзе Пуцін можа накіраваць на вайну да 300 млрд даляраў. Аднак, як мяркуе Зяленскі, санкцыйны ціск спыніць магчымасці Крамля прадаўжаць фінансаванне агрэсіі.
Пасля трохгадовага перапынку дэлегацыі Украіны і Расеі правялі дзве сустрэчы ў Стамбуле - 16 траўня і 2 чэрвеня. Падчас перамоў бакі абмяняліся праектамі мемарандумаў з прапановамі па спыненні агню. Практычным вынікам стала серыя абменаў палоннымі і целамі загінулых. У Крамлі раней заяўлялі, што дата трэцяга раўнда будзе вызначаная пасля заканчэння ўсіх абменаў, узгодненых паводле вынікаў стамбульскіх кансультацый.