BE RU EN

У Польшчы ўключылі ў санкцыйны спіс казахстанскую кампанію, якая належыць «Пінскдрэву»

  • 11.07.2025, 11:22

За абыход санкцый.

МУС Польшчы на запыт Нацыянальнай падатковай адміністрацыі ўключыла ў санкцыйны спіс казахстанскую кампанію QARTREE LLP. Падатковае ведамства давяло, што фанера, якую прадпрыемства пастаўляла ў Польшчу, напраўду паходзіць з Расеі ці Беларусі і такім чынам абыходзяцца еўрапейскія санкцыі, піша Most.

QARTREE была зарэгістраваная ў Казахстане ў верасні 2022 года, неўзабаве пасля ўвядзення санкцый супраць беларускай і расейскай дрэваапрацоўчай галіны - мера была адным з адказаў на развязванне вайны ва Украіне. Заснавальнікамі сталі Наталля Слоква і расейскі Гандлёвы дом "Мэбля KZ", які, у сваю чаргу, належыць беларускаму "Пінскдрэву".

У першы ж год свайго існавання QARTREE заплаціла ў Казахстане звыш 2 млн даляраў ПДВ, наняўшы ўсяго пяць чалавек. І стала экспартаваць прадукцыю ў Еўропу: Літву, Латвію, Эстонію, Вугоршчыну, Балгарыю. Кампанія пастаўляе бярозавую фанеру (код ТН ЗЭД 44123310), а Польшча называецца асноўным яе атрымальнікам.

У цэлым з увядзеннем санкцый увоз у ЕЗ драўнянай прадукцыі з Расеі рэзка скараціўся пры адначасовым росце імпарту з Казахстана і Турцыі. Польская падатковая адміністрацыя (у яе склад уваходзіць мытная служба) даказала, што такім чынам абыходзяцца абмежаванні супраць расейскай і беларускай прадукцыі.

QARTREE стала ўжо пятай кампаніяй, уключанай у санкцыйны спіс за пастаўкі бярозавай фанеры.

Унясенне ў польскі санкцыйны спіс азначае замарожванне рэсурсаў юрыдычнай або фізічнай асобы і забарону на пералічэнне ёй сродкаў, немагчымасць удзельнічаць у дзяржзакупках або конкурсах, а для фізічных асоб - унясенне ў рэестр іншаземцаў, знаходжанне якіх у Польшчы непажаданае.

Апошнія навіны