УСУ ліквідавалі наймітаў войска РФ з амаль 30 краін
- 11.07.2025, 11:39
Лідары ў стратах - краіны Цэнтральнай Азіі.
На фронце ва Украіне ліквідавалі больш за 500 замежных грамадзян, якія ваявалі ў складзе расейскіх акупацыйных войскаў. Пра гэта паведаміла BBC са спасылкай на супотльнае расследаванне з выданнем "Медыязона" і камандай валанцёраў.
Журналісты ўстанавілі імёны 118 139 расейскіх вайскоўцаў, якія загінулі з пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны, сярод іх было больш за 500 замежнікаў з 28 краін, уключаючы ЗША, Егіпет, Шры-Ланку, Непал, краіны Афрыкі і Цэнтральнай Азіі.
BBC удакладняе, што гэтыя звесткі тычацца толькі тых, хто не меў расейскага грамадзянства на момант падпісання кантракту з Мінабароны РФ. Рэальная колькасць загінулых іншаземцаў, хутчэй за ўсё, значна вышэйшая, бо расейскі бок хавае страты, асабліва сярод тых, каго прывозяць ваяваць за грошы або абяцанае грамадзянства.
Так, сярод ліквідаваных - 29-гадовы егіпцянін Ахмед Дэраз, які працаваў у Екацярынбургу. Ён падпісаў кантракт з войскам РФ і загінуў 17 сакавіка 2024 года ва Украіне. Усяго на вайне супраць Украіны былі забітыя як мінімум чатыры грамадзяніны Егіпта.
Лідары ў стратах - краіны Цэнтральнай Азіі
Лідарамі ў колькасці загінулых сярод замежнікаў застаюцца грамадзяне Таджыкістана, 72 чалавекі, і Узбекістана, 66 чалавек. Журналісты адзначаюць, што больш за палову з іх раней знаходзіліся ў расейскіх калоніях, а затым былі адпраўленыя на фронт у абмен на абяцанне вызвалення.
Сярод загінулых ёсць 63 ураджэнцы Грузіі - амаль усе з Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, якія з пачатку 90-х гадоў фактычна не кантралююцца Тбілісі. Таксама выяўлена 70 загінулых грамадзян Непала, і яшчэ блізу 50 прапалі без вестак.
Расследаванне пацвердзіла ўдзел у вайне супраць Украіны і выхадцаў з Этыёпіі, Замбіі, Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, Танзаніі, Тога і Шры-Ланкі. У Разані на могілках дэсантнікаў журналісты знайшлі магілы чатырох грамадзян Шры-Ланкі, адпраўленых на фронт пасля падпісання кантрактаў з расейскім войскам.
BBC паведамляе і аб загінулых амерыканцах, якія ваявалі за РФ.
Звесткі аб салдатах з КНДР засакрэчаныя
Асобна ў матэрыяле падкрэсліваецца, што лідарам у схаваных стратах сярод замежнікаў можа быць Паўночная Карэя. Са звестак выведкі Паўднёвай Карэі, на фронце былі ліквідаваныя блізу 600 паўночнакарэйскіх вайскоўцаў, але Пхеньян не раскрывае ніякіх звестак аб гэтых стратах.