У Менску з'явіцца новы жылы квартал
- 11.07.2025, 12:24
У былой прамысловай зоне зруйнуюць дзясяткі будынкаў.
На месцы былой прамысловай зоны завода "Агат" у Менску хутка з'явіцца новы жылы квартал. Цяпер рабочыя расчышчаюць тэрыторыю ў раёне вуліц Валгаградскай, Кедышкі і праспекта Незалежнасці, піша тэлеграм-канал "Мінскбуд".
Пад руйнаванне пайшлі 38 старых будынкаў 1950-х гадоў - частка з іх ужо дэмантаваная, працы трываюць.
Разбіраюць усё з дапамогай цяжкай тэхнікі - экскаватары разбураюць сцены і падмуркі. Самай цяжкай задачай стаў дэмантаж дзвюх высокіх труб былой кацельні, амаль 50 метраў вышынёй. Каб іх бяспечна зруйнаваць, выкарыстоўваюць прамысловых альпіністаў, якія ўручную разбіраюць канструкцыі да 27 метраў, а потым падключаецца тэхніка.
Адначасова прыбіраюць старыя інжынерныя сеткі. Будаўнічае смецце сартуюць і вывозяць - кожны дзень на пляцоўцы працуе да 40 самаскідаў.
Пасля заканчэння падрыхтоўчых работ на гэтай тэрыторыі пачнецца будаўніцтва новага жылога квартала.