Інфляцыя ў Расеі б'е гістарычныя рэкорды
- 11.07.2025, 17:27
Такога вялікага прыросту за тыдзень не было ніколі.
На першым тыдні ліпеня ў Расеі зафіксаваны беспрэцэдэнтны рост інфляцыі – 0,79% усяго за сем дзён, што стала абсалютным максімумам за ўсю гісторыю такіх назіранняў. У гадавым вылічэнні паказчык падскочыў да 9,45%, піша расейскі эканаміст Вячаслаў Шыраеў.
Галоўнай прычынай цэнавага ўсплёску стала падвышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі, якое набыло моц з 1 ліпеня. Агулам у краіне паслугі ЖКГ падаражэлі на 11,9%, але ў шэрагу рэгіёнаў рост дасягнуў 14-15%. Гэта стала наймацнейшым інфляцыйным трыгерам на старце месяца.
- Такога вялікага прыросту за тыдзень не было ніколі, гэта гістарычны максімум, - адзначае эксперт.
Са слоў Шыраева, эфект ад росту тарыфаў не абмяжуецца першым тыднем. Ён будзе паступова пранікаць ва ўсе сферы эканомікі, падштурхоўваючы кошт тавараў і паслуг уверх як мінімум жніўня. Гэта ўзмоцніць інфляцыйны ціск і можа пагоршыць сітуацыю для хатніх гаспадарак, чые выдаткі на базавыя патрэбы імкліва растуць.
Акрамя рэальнага росту коштаў, сур'ёзную занепакоенасць выклікае і змена чаканняў грамадзян. Як падкрэслівае эксперт, «інфляцыйныя чаканні насельніцтва» – адзін з ключавых індыкатараў, на якія арыентуецца Цэнтрабанк пры прыняцці пастаноў па ключавой стаўцы.
Цяпер гэтыя чаканні, хутчэй за ўсё, пачнуць расці, што яшчэ больш абцяжарыць задачу стрымлівання інфляцыі.
На гэтым фоне магчымае зніжэнне ключавой стаўкі ЦБ у ліпені, якое абмяркоўвалася раней, становіцца ўсё менш магчымым. Узмацненне інфляцыйнага ціску робіць такі крок эканамічна немэтазгодным, бо галоўная задача рэгулятара - утрымаць кошты пад кантролем, а не стымуляваць рост на фоне нестабільнасці.
Эканамічная сітуацыя ў Расеі дэманструе відавочныя прыкметы перагрэву: рост выдаткаў, ціск на бюджэт хатніх гаспадарак і зніжэнне пакупніцкай здольнасці грамадзян. На гэтым фоне ўзмацненне інфляцыі становіцца не толькі эканамічнай праблемай, але і сацыяльным выклікам.