BE RU EN

Украінская выведка: У РФ знішчаны важны газаправод

  • 11.07.2025, 17:36

Ён забяспечвае расейскі вайскова-прамысловы комплекс.

Увечары 10 ліпеня ў расейскім горадзе Лангепасе, што ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе Цюменскай вобласці РФ, узарваўся газаправод. Ён забяспечвае расейскі вайскова-прамысловы комплекс (ВПК).

Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на крыніцы ў Галоўнай управе выведкі Мінабароны Украіны.

Паводле інфармацыі крыніцы, у выніку спецаперацыі быў знішчаны адцінак буйнога магістральнага газаправода, які абслугоўвае прадпрыемствы расейскага ВПК у Чэлябінскай, Арэнбуржскай і Свярдлоўскай абласцях.

Прапускная здольнасць пашкоджанага газаправода - 2,6 мільярда метраў кубічных прыроднага газу за год. А улічваючы адлегласць паміж газавымі кампрэсарнымі станцыямі (амаль 20 кіламетраў), у дзвюх пашкоджаных выбухамі трубах знаходзілася прыкладна 4 112 000 м3 газу.

Паколькі кошт 1 000 м3 газу цяпер складае амаль 350 даляраў, сума толькі аднамомантнай прычыненай шкоды складае не менш за 1,3 млн даляраў.

Суразмоўца ў ГУВ тлумачыць, што працы па аднаўленні і тэставанні газаправода працягнуцца блізу аднаго месяца, бо пашкоджаныя трубы размешчаныя ў балоцістай мясцовасці, што абцяжарвае працу рамонтных брыгад і прывядзе да памяншэння аб'ёму паставак газу на ўказаны перыяд да 25 млн м3. Гэта ў сваю чаргу прывядзе да ўскосных матэрыяльных страт на амаль 76 млн даляраў ЗША.

Як паведамляюць мясцовыя СМІ, у выніку моцных выбухаў мясцовае насельніцтва было «глыбока занепакоенае». На месца здарэння адразу выехалі экстранныя службы і рамонтныя брыгады.

- Заходняй Сібіры, з яе найбагацейшымі прыроднымі нетрамі, якая даслоўна корміць Маскву і дазваляе жыць Крамлю ў раскошы, варта ў чарговы раз задумацца аб сваёй асобнай будучыні. Ёсць адчуванне, што калі мясцовыя пачнуць актыўна выступаць за ўласную незалежнасць ад цэнтра, такія «незразумелыя выбухі» спыняцца, сібіракі больш не будуць гінуць за пуцінскія інтарэсы на т.зв. «СВА», а рэгіён расквітнее дзякуючы сваім прыродным багаццям. Да таго ж моманту, відавочна, то тут, то там будзе «нешта адбывацца» з ГУРкатам, выбухамі і шалёнымі стратамі», - пракаментаваў падзею суразмоўца з украінскай выведкі.

Апошнія навіны