«На паўночным усходзе Беларусі будзем чакаць цікавых з’яў»
- 11.07.2025, 21:29
З'явіўся ўдакладнены прагноз надвор'я на выходныя.
Белгідрамет панізіў узровень метэанебяспекі: замест трывожнага аранжавага колеру карта Беларусі на сайце ведамства з аператыўнымі звесткамі аб надвор'і ўпершыню за апошнія 6 дзён афарбавалася ў спакойны зялёны. Праўда, толькі часткова - як мінімум у трох абласцях краіны на заўтра яшчэ прагназуюць навальніцы. Даведаліся, якім будзе надвор’е ў Беларусі на выходных, піша Telegraf.news.
На суботу, 12 ліпеня, Белгідрамет выпісаў “жоўтае” папярэджанне для Берасцейскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Паводле іх звестак, навальніцы заўтра прагрымяць толькі месцамі - у заходніх і крайніх паўночна-ўсходніх раёнах Беларусі.
Як растлумачылі аўтары Telegram-канала @nadvorie, на надвор'е бліжэйшым часам паўплывае цыклон, цэнтр якога цяпер знаходзіцца над Калінінградскай вобласцю Расеі. Менавіта яго халодны фронт праходзіць праз паўночна-ўсходнія раёны Беларусі.
«Там, відавочна, і будзем чакаць чагосьці цікавага», — папярэдзілі спецыялісты.
Пакуль гэты рэгіён краіны застаецца ў трапічнай паветранай масе. Аднак чакаецца, што ўжо пасля абеду 11 ліпеня халодны фронт там пачне абвастрацца, таму вялікая імавернасць навальніц з моцным ліўнем, а таксама градам і шкваламі.
"Паступова гарачае трапічнае паветра будзе выцеснена з тэрыторыі Беларусі на ўсход і звязаныя з ім небяспечныя з'явы надвор'я спыняцца”, — паабяцалі паляпшэнне надвор’е спецыялісты.
Паводле іх прагнозаў, у суботу і ў нядзелю Беларусь “будзе знаходзіцца ў зоне грэбня высокага ціску”, таму “чакаецца спакойнае ўмерана-цёплае надвор'е”. "Нават можа без ападкаў", - выказалі надзею спецыялісты.
Які прагноз на выходныя даў Белгідрамет?
Зрэшты, кароткатэрміновы прагноз Белгідрамета на найбліжэйшыя 3 дні не такі аптымістычны. Мяркуючы з яго, і выхадныя, і пачатак наступнага працоўнага тыдня без навальніц і ападкаў не абыдзецца. Зрэшты, іншых неспрыяльных прыродных з'яў у прагнозе афіцыйных сіноптыкаў, сапраўды, больш няма - ні граду, ні паўсюднай спякоты, ні шквалістага ветру (толькі пры навальніцах ён можа ўзмацняцца да парывістага), ды і самі навальніцы паабяцалі толькі “месцамі”.
Субота, 12 ліпеня:
Воблачнасць: пераменная воблачнасць.
Ападкі: без ападкаў, толькі месцамі на захадзе і паўночным усходзе кароткачасовыя дажджы і навальніцы.
Туман: ноччу і раніцай месцамі слабы туман.
Вецер: няўстойлівы, слабы ноччу, слабы да сярэдняга ўдзень, пры навальніцах парывісты.
Тэмпература:
Уначы: +9..+15°C,
Удзень: +22..+28°C
Атмасферны ціск: расце.
Нядзеля, 13 ліпеня:
Воблачнасць: пераменная воблачнасць.
Ападкі: месцамі кароткачасовыя дажджы, удзень магчымыя навальніцы.
Туман: ноччу і раніцай месцамі слабы туман.
Вецер: сярэдні, парывісты месцамі, пры навальніцах моцны парывісты.
Тэмпература:
Уначы: +9..+15°C,
Удзень: +22..+29°C
Панядзелак, 14 ліпеня:
Воблачнасць: пераменная воблачнасць.
Ападкі: ноччу месцамі, удзень амаль па ўсёй краіне кароткачасовыя дажджы і навальніцы.
Туман: ноччу і раніцай месцамі слабы туман.
Вецер: уначы пераменны, удзень паўднёвы парывісты, пры навальніцах моцны парывісты.
Тэмпература:
Уначы: +10..+17°C
Удзень: +25..+ 32°C (на захадзе +22..+24°C)