Еўропа знайшла магутнага пастаўшчыка сучаснай зброі на замену амерыканскаму
- 12.07.2025, 16:10
За апошнія пяць гадоў гэтая краіна ўвайшла ў дзясятку найбуйнейшых сусветных экспарцёраў зброі.
Паўднёвая Карэя паступова становіцца ключавым пастаўшчыком зброі для еўрапейскіх хаўруснікаў ЗША на фоне імклівага знясілення амерыканскіх запасаў і нявызначанасці ў сувязі з прыходам у Белы дом Дональда Трампа.
Як піша CNN, асабліва актыўнае супрацоўніцтва Сеул развівае з Польшчай, якая, знаходзячыся на ўсходнім флангу NATO, узмоцнена рыхтуецца да магчымай вайны з Расеяй.
Нядаўна Польшча завяршыла ўгоды па закупцы другой партыі паўднёвакарэйскіх танкаў - размова ідзе аб 180 адзінках, заказаных у рамках пагаднення, падпісанага яшчэ ў 2022 годзе. Такім чынам, Варшава плануе давесці колькасць паўднёвакарэйскай бронетэхнікі ў сваіх войсках амаль да 1000 адзінак.
У Міністэрстве абароны Польшчы падкрэслілі, што частка новых танкаў заменіць савецкую тэхніку, якую краіна перадала Украіне для яе барацьбы супраць расейскай агрэсіі. Паводле звестак Цэнтра Вільсана ў Вашынгтоне, Польшча ўжо перадала Украіне больш за 300 танкаў, а таксама звыш 350 баявых машын пяхоты і бронетранспарцёраў.
Тым часам, паводле справаздачы Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследаванняў праблем міру, за апошнія пяць гадоў Паўднёвая Карэя ўвайшла ў дзясятку найбуйнейшых сусветных экспарцёраў зброі. За гэты перыяд амаль палова (46%) усяго карэйскага вайсковага экспарту прыпала на Польшчу. На другім месцы Філіпіны з 14%, а на трэцім - Індыя з 7%.
CNN адзначае, што зацягванне вайны ва Украіне і эскалацыя канфлікту на Блізкім Усходзе прывялі да прыкметнага скарачэння запасаў узбраенняў ЗША. Таму хаўруснікі Вашынгтона пачалі больш актыўна шукаць альтэрнатыўныя крыніцы паставак. Згодна з дакладам Цэнтра Стымсана за 2024 год, Паўднёвая Карэя ўсё часцей становіцца для іх аптымальным выбарам.