BE RU EN

Axios: Пуцін кінуў чарговага «хаўрусніка»

  • 12.07.2025, 19:05

Гаспадар Крамля рэзка змяніў сваю пазіцыю.

Расейскі дыктатар Пуцін не пакінуў ідэі навязаць свае паслугі «пасярэдніка» ў укладанні пагаднення паміж Іранам і ЗША. Між іншым Пуцін угаворвае Тэгеран пагадзіцца на патрабаванне Вашынгтона спыніць узбагачэнне ўрану.

Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Axios.

Паводле звестак выдання, Пуцін заявіў іранскім чыноўнікам і прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, што ён падтрымлівае ідэю новай "ядравай угоды" паміж Вашынгтонам і Тэгеранам. Аднак пагадненне прадугледжвае адмову Ірана ад узбагачэння ўрану - на што іранскі рэжым аятала не збіраецца згаджацца.

Выданне падкрэслівае важнасць гэтага моманту. Справа ў тым, што Пуцін і Расея цягам многіх гадоў падтрымлівалі Іран у ядравым пытанні. Пры гэтым Крэмль лічыўся ці не галоўным "ядравым адвакатам" Тэгерана. Але зараз Пуцін рэзка змяніў сваю пазіцыю - пасля 12-дзённага ўзброенага супрацьстаяння Ірана і Ізраілю.

У неафіцыйных перамовах Масква заклікае Іран пагадзіцца на патрабаванне "нулявога ўзбагачэння", сказалі выданню крыніцы, знаёмыя з пытаннем. Таксама дзве крыніцы ў ізраільскім урадзе паведамілі, што Крэмль папярэдзіў урад прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху аб сваёй пазіцыі.

Адкрыта Пуцін выказаўся аб падтрымцы канцэпцыі «нулявога ўзбагачэння» падчас тэлефонных размоваў з Трампам, а таксама з французскім прэзідэнтам Эмануэлем Макронам.

- Пуцін падтрымаў нулявое ўзбагачэнне. Ён заклікаў іранцаў працаваць над гэтым, каб зрабіць перамовы з амерыканцамі больш спрыяльнымі. Іранцы сказалі, што не пагодзяцца на гэта, - сказаў адзін з еўрапейскіх чыноўнікаў.

Пры гэтым Іран, паводле звестак выдання, злы на Расею. Масква, нягледзячы на падпісаную дамову аб усёабдымным стратэгічным партнёрстве, не падала Ірану ніякай дапамогі падчас канфлікту з Ізраілем - калі не ўлічваць публікацыі ў прэсе і выказванні расейскіх чыноўнікаў.

Апошнія навіны