СМІ расказалі, якую нечаканку для Расеі можа рыхтаваць Трамп
- 13.07.2025, 8:15
ЗША рыхтуюць адказ на расейскія абстрэлы.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп разглядае магчымасць вылучэння новага пакету фінансавання для Украіны. Гэта будзе першая пастанова такога характару з часу ягонага ўступлення на пасаду ў студзені 2025 года.
Пра гэта паведамляе CBS News.
Паводле інфармацыі крыніцаў, новае фінансаванне можа мець сімвалічнае значэнне – як сігнал для расейскага кіраўніцтва на фоне масаваных абстрэлаў Украіны дронамі і ракетамі ў апошнія дні.
У пачатку гэтага тыдня Трамп ужо намякнуў на магчымасць пастаўкі дадатковага абарончага ўзбраення Украіне, хоць літаральна некалькі дзён таму ягоная адміністрацыя прыпыніла частку паставак.
Адзін з прадстаўнікоў Белага дому заявіў, што прыпыненне было часткай больш шырокага стратэгічнага перагляду ваенных паставак. Пакуль застаецца нявызначаным, з якіх крыніцаў можа быць прафінансаваная новая дапамога.
Разам з тым, паводле звестак амерыканскіх СМІ, Трамп мае не менш як 3,85 млрд даляраў, якія засталіся ад папярэдняй адміністрацыі, і патэнцыйна можа выкарыстаць блізу 5 млрд даляраў з замарожаных расейскіх актываў.
Аднак, як адзначае CBS News, ні Дональд Трамп, ні ягоны папярэднік Джо Байдэн пакуль не скарысталіся гэтым правам.